Добры настрой у чалавека залежыць ад мноства фактараў. Не апошні сярод іх – і смачная, карысная ежа, якая з’яўляецца крыніцай энергіі і дае зарад ба-дзёрасці на ўвесь дзень. Нездарма ёсць трапная прымаўка: “Праз страўнік да сэрца мужчыны”. І жартам, і ўсур’ёз яна сведчыць, што добрыя стравы могуць зрабіць амаль немагчымае… А рупліваму працаўніку, на якім ляжыць вялікая нагрузка, без смачных і каларыйных абедаў не абысціся. Нават здаўна ў вёсках, наймаючы работніка, яму давалі добра паесці. Калі чалавек еў, дык і рабіў. У гаспадарках разумеюць гэта, таму стараюцца забяспечыць сваіх працаўнікоў у гарачы час уборкі добрай, каларыйнай ежай.
У СВК “Макараўцы” ў сталовай працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы. Загадчыца Таіса Гомза кожны дзень разам са сваімі памочнікамі гатуе 140 -145 абедаў і вячэр. Кулінарнай справе яна аддала ўжо 9 гадоў, і прыгатаваць яна можа самыя складаныя, адмысловыя стравы. Але ў паўсядзённай працы прадумвае меню, стараецца гатаваць тое, што палюбілася людзям. Зразумела, што мяса пры гэтым – абавязковы кампанент. А для сябе і сваёй сям’і любіць гатаваць традыцыйныя стравы з бульбы – клёцкі, дранікі.
У гаспадарцы адзначаюць старанне і майстэрства Таісы Гомза. А самае галоўнае, што хваляць яе тыя людзі, якім яна кожны дзень стварае добры настрой. Нялёгка працаваць у спёку, калі грэецца пліта, гатуецца столькі абедаў, а ў сталовай толькі звычайны вентылятар. Але гэтая працавітая жанчына стараецца зрабіць усё магчымае, каб людзі былі задаволены.
Ніна Наддэ, фота аўтара