«Accolada» – на першым месцы
Напрыканцы мая інструментальны ансамбль «Accolada» Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў прыняў удзел у III Рэспубліканскім адкрытым фестывалі-конкурсе дзіцячага мастацтва «ЛьВянок» (Лідскі вянок) у г. Ліда.
Гэта першае конкурснае выступленне калектыву – і адразу поспех. У намінацыі «ансамблевае выканальніцтва» інструментальны ансамбль «Accolada» заняў першае месца і ўзнагароджаны дыпломам I ступені. Віншуем юных музыкантаў і іх кіраўніка, настаўніцу класа баяна і акардэона Вольгу Друмя з перамогай.
Нагадаем, інструментальны ансамбль «Accolada» створаны ў 2010 годзе. Удзельнікі ансамбля – вучні школы, якія іграюць на клавішных, акардэоне, баянах і скрыпках.
Духавікі на джазавым фестывалі
У першы дзень лета вучні класа духавых інструментаў Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў прынялі ўдзел у II адкрытым абласным дзіцячым джазавым фестывалі-конкурсе «ПТИЦА», які праходзіў у горадзе Ліда.
Фестываль з’яўляецца творчай пляцоўкай, дзе таленавітыя вучні Гродзеншчыны могуць прадэманстраваць свае здольнасці ў выкананні джазу. Мэта, якую ставілі перад сабою заснавальнікі фестывалю, – захаванне і далейшае развіццё выканальніцкіх традыцый у джазавым кірунку.
Нашы духавікі выступалі ў намінацыях «саліст-інструменталіст» і «ансамбль». Квінтэт узорнага эстрадна-інструментальнага ансамбля «Tutti» стаў дыпламантам I ступені ў намінацыі “ансамбль” сярэдняй узроставай групы. У намінацыі “саліст-інструменталіст” (малодшая група) Ілля Казлоўскі заняў другое месца, Канстанцін Каскевіч (сярэдняя група) і Віктар Сідаркевіч (малодшая група) – трэцяе. Кірыл Рыбалка адзначаны граматай за паспяховае выступленне.
Настаўнік класа духавых інструментаў Вадзім Антоненка ўзнагароджаны граматай за высокае педагагічнае майстэрства.
Васіль Вітка і яго
казачны свет
З цудоўным казачным светам Васіля Віткі пазнаёмілі юных чытачоў бібліятэкары філіяла «Алекшыцкая сельская бібліятэка» Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага. Да мерапрыемства была арганізавана кніжная выстава з творамі аўтара пад назвай «Казка дзверы адчыняе». У мінулым месяцы адзначалася 105 гадоў з дня нараджэння беларускага дзіцячага пісьменніка.
Імя Васіля Віткі – адно з самых прыкметных сярод майстроў прыгожага пісьменства Беларусі. Гэтаму паспрыяла рознабаковая творчасць аўтара, які ўдала праявіў сябе як паэт і празаік, драматург і перакладчык, казачнік і публіцыст, крытык, сатырык і журналіст.
Нарадзіўся Цімох Васільевіч Крысько – так гучыць сапраўднае прозвішча пісьменніка – у слуцкай вёсцы Еўлічы, у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння ў 1928 годзе Слуцкай прафесійна-тэхнічнай школы працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у заводскай шматтыражцы, рэдакцыях газет «Камуніст» (Бабруйск), «Ударнік» (Жлобін), «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва» і часопіса «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і да самага пачатку вайны працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны – у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», а з 1942 года – у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, рэдактар масавых выданняў для акупіраваных раёнаў.
Несумненнага поспеху дасягнуў Васіль Вітка ў галіне дзіцячай літаратуры. Для дзяцей ён выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак «Вавёрчына гора», «Буслінае лета», «Казка пра цара Зубра», «Дударык», «Азбука Васі Вясёлкіна», «Казкі», «Чытанка-маляванка», «Мінскія балады» і шэраг іншых.
Дарэчы будзе нагадаць, што ў Беларусі заснавана літаратурная прэмія імя Васіля Віткі, якой адзначаюцца лепшыя творы для дзяцей.
Святлана Ганчарова