У гэтым навучальным годзе ўстановы адукацыі раёна закончылі 128 адзінаццацікласнікаў, базавую адукацыю атрымалі 220 вучняў дзявятых класаў.
Як паведаміла метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Інэса Сайко, вышэйшую адукацыю будуць атрымліваць 92 выпускнікі сярэдніх школ раёна. 46 з іх паступілі на бюджэтную форму навучання, 46 будуць атрымліваць адукацыю за кошт уласных сродкаў. Два выпускнікі выехалі на вучобу за мяжу, яны будуць вучыцца ў Рэспубліцы Польшча.
З астатніх адзінаццацікласнікаў 25 паступілі ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы (21 – на бюджэтную форму навучання, 4 – на платную), 9 – у прафесійна-тэхнічныя, 1 чалавек працаўладкаваны, а яшчэ адзін знаходзіцца на ўліку ў службе занятасці.
Калі гаварыць пра дзявяцікласнікаў, то 87 з іх працягваюць навучанне ў сярэдніх школах, 61 чалавек паступіў у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы (58 – на бюджэтную форму навучання, 3 – на платную), 62 чалавекі будуць атрымліваць прафесійна-тэхнічную адукацыю, 8 будуць навучацца ў іншых установах адукацыі, 2 выпускнікі дзявятага класа працаўладкаваны.
Найбольшай папулярнасцю ў выпускнікоў нашага раёна па-ранейшаму карыстаецца Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, туды паступіла найбольшая колькасць адзінаццацікласнікаў. Выбіралі выпускнікі і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Жыровіцкі дзяржаўны аграрна-тэхналагічны каледж, Гродзенскі дзяржаўны політэхнічны каледж, ну і вядома ж, і наш, Бераставіцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, і многія іншыя навучальныя ўстановы.
Сярод папулярных спецыяльнасцяў, якія выбралі выпускнікі, — правазнаўства, бухгалтарскі ўлік і аудыт, журналістыка, камп’ютарная бяспека, педагагічныя, эканамічныя і інжынерна-тэхналагічныя спецыяльнасці.
Ірына Міклаш