КСУП “Пагранічны-Агра”: Тут працуюць на вынік

Лента новостей

Выконваючы абавязкі галоўнага інжынера Максім Кухарчык

Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу сустракаюся з дырэктарам КСУП “Пагранічны-Агра” Мікалаем Прымачэнка, каб пагутарыць аб традыцыйным падвядзенні вынікаў сельскагаспадарчага года, які ўжо прыбліжаецца да свайго лагічнага завяршэння. 

Адкрыты і заўсёды гатовы да дыялогу Мікалай Іванавіч заўважыў, што кожны год асаблівы і цікавы па-свойму. І, няўлоўна збягаючы 2017-ы, таксама не выключэнне. Асабліва парадавала ў гэтым годзе раслінаводчая галіна, пра што сведчаць і адпаведныя паказчыкі. І гэта не гледзячы на тое, што сёлета не абыйшлося без сюрпрызаў надвор’я.
Пакуль чалавек не навучыўся супрацьстаяць анамальным з’явам прыроды, таму праца кожнага члена калектыва – механізатара, агранома, жывёлавода і іншых — залежыць і ад яе капрызаў у тым ліку. Унесла пэўныя карэктывы ў дзейнасць сельгаспрадпрыемства яна і ў гэтым годзе.
Адной жа з асноўных задач раслінаводства заўсёды было і ёсць забеспячэнне буйной рагатай жывёлы добрай кармавой базай, а таксама вырошчванне збожжавых. Вядома, што добрым паказчыкам папярэднічае нялёгкая праца ўсіх аграрыяў. Так, праведзеная ў сельгаспрапрыемстве ва ўстаноўленыя тэхналагічныя тэрміны сяўба, тэрмінова і паслядоўна выкананы ўвесь комплекс работ па догляду за пасевамі, скошаныя і абмалочаныя ў максімальна сціснутыя тэрміны з найменшымі стратамі культуры – заклалі надзейны падмурак і для такой галіны сельскай гаспадаркі, як жывёлагадоўля.

Механізатары Яўген Самойлік, Сяргей Тарасаў, Аляксандр Будніцкі, Уладзімір Гарбуз, Віктар Гарбуз

Звернемся да паказчыкаў. У гэтым годзе толькі пад пасевы кукурузы на зерне і сілас у КСУП “Пагранічны-Агра” была адведзена найбольшая плошча сярод усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна – 1031 гектар. Уборка кукурузы на зерне тут яшчэ вядзецца, аднак пры ўраджайнасці 121 цэнтнер з гектара намалоты ўжо складаюць 4000 тон у канчатковай вазе пасля дапрацоўкі. Гэтая лічба ўжо перавышае леташнія паказчыкі ажно на 1000 тон, а яна нават яшчэ не канчатковая. Куды больш паспяховым выдаўся гэты год і на цукровыя буракі. Добрая ўраджайнасць у 623 ц/га паспрыяла павелічэнню колькасці гэтай тэхнічнай культуры ў параўнанні з мінулым годам ажно на 3770 тон і склала 13388 тон. Падмацаваў кармавую базу сельгаспрадпрыемства і добры ўраджай зерня, увогуле яго намалоты склалі 13573 тоны. Такім чынам, па словах Мікалая Іванавіча, кармоў нарыхтавана пад поўную неабходнасць. А калі ёсць якасныя кармы ў дастатковай колькасці — будуць малако і мяса, канешне, пры захаванні ўсіх тэхналагічных рэгламентаў.

Работнікі СК “Грыцавічы”

Так лагічна мы падышлі і да размовы пра становішча спраў у жывёлагадоўлі, якая, як і раней, застаецца асноўнай крыніцай даходаў дадзенага сельгаспрадпрыемства.
У цэлым Мікалай Іванавіч задаволены тым, як ідуць справы ў гэтай галіне. За 10 месяцаў бягучага года валавая прадукцыя павялічылася і склала 106,5%. Плануецца, што да канца года гэта лічба ўзрасце да 107%.
Варта адзначыць, што колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы, свіней у сельгаспрадпрыемстве не толькі захоўваецца, але і павялічваецца. Так на 1 лістапада пагалоўе буйной рагатай жывёлы склала 4523, што на 257 галоў больш за леташні ўзровень, адпаведна павялічылася і прывага на 32 тоны. Крыху іншая сітуацыя з пагалоўем свіней. На 1 лістапада яно склала 21852, гэта на 1375 галоў менш у параўнанні з мінулым годам, аднак на паказчыках прывагі такая сітуацыя адмоўна не адбілася, а наадварот, лічба павялічылася ажно на 155,6 тон.

Бухгалтары Таццяна Купрыян, Юлія Журавенка, Святлана Дзямбіцкая, Вольга Конік і старшыня прафсаюзанага камітэта Ала Журавенка (другая злева)

Выдатна папрацавалі сёлета і работнікі свінагадоўчага комплексу “Грыцавічы”, дзе сярэднесутачныя прывагі на дарошчванні і адкорме ў параўнанні з 2016 годам выраслі на 41 грам і склалі 548 грам.
Работнікам комплексу забаронена трымаць свіней у асабістай падсобнай гаспадарцы. Таму штомесяц сельгапрадпрыемства выдае ім па 10 кілаграмаў свініны бясплатна. Астатнія ж супрацоўнікі могуць набыць столькі мяса па ільготнай цане. Сёння ў сельгаспрадпрыемстве працуе 440 чалавек і пра ўсіх тут дбаюць. Прыкладна пяць разоў на год кожны заняты на прадпрыемстве работнік атрымліваве так званы прадуктовы пакет, у асартымент якога ўваходзяць малочная і мясная прадукцыя. Кошт такога своеасаблівага “падарунку” вагаецца ў памерах ад 40-45 беларускіх рублёў.

Галоўны аграном
Віктар Белабокі

Не абмінулі мы ў размове і маладое папаўненне, тым больш што яно ўносіць свой уклад у агульную справу на ўсіх участках сельгасвытворчасці, годна працягваючы працоўныя традыцыі. У гэтым годзе сельгаспрадпрыемства папоўнілася шаснаццацю, і па словах дырэктара КСУП “Пагранічны-Агра”, адказнымі, сур’ёзнымі, поўнымі энтузіязму маладымі спецыялістамі і рабочымі.
— Сёння атрыманыя сельгаспрадпрыемствам вынікі — гэта прамое адлюстраванне ўзроўню нашага жыцця, — зазначыў напрыканцы размовы Мікалай Іванавіч. — Няхай не ўсё адбываецца так, як хацелася б, але гэта і падштурхоўвае на новыя здзяйсненні. Мы смела ідзём наперад, асвойваючы новыя тэхналогіі, імкнемся зрабіць сваю прадукцыю высакаякаснай, запатрабаванай, канкурэнтаздольнай. Каб, без перабольшвання, забяспечыць росквіт і дабрабыт кожнага з нас, харчовую бяспеку дзяржавы. А ў сельгапрадпрыемстве для гэтага ёсць неабходныя рэзервы і прафесійныя кадры.
Старонку падрыхтавала Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ,
фота аўтара

***

Мікалай Прымачэнка, дырэктар КСУП “Пагранічны-Агра”:
Паважаныя работнікі і ветэраны камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага
прадпрыемства «Пагранічны-Агра»!
Прыміце самыя цёплыя і шчырыя віншаванні з нагоды прафесійнага свята, якое аб’ядноўвае ўсіх, хто любіць сваю родную зямлю і працуе на яе карысць. Дзякуй вам за працу, за вернасць выбранай прафесіі! Ваша мудрасць, руплівыя адносіны да зямлі, працавітасць і цярпенне заслугоўваюць усеагульнай павагі і самай высокай адзнакі. Жадаю ўсім вам моцнага здароўя, душэўнай цеплыні, дастатку. Няхай праца будзе ў радасць, добры настрой не пакідае вас, а новыя перамогі і здзяйсненні ўсяляюць аптымізм і веру ў свае сілы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *