Краязнаўства — адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці Лішкаўскай сельскай бібліятэкі

Лента новостей

1Сёння адбываецца адраджэнне нашай нацыянальнай культуры, гістарычнай памяці. Бібліятэкі прымаюць самы актыўны ўдзел у гэтым працэсе, выкарыстоўваючы пры правядзенні мерапрыемстваў багаты назапашаны гістарычны і этнаграфічны матэрыял.
Краязнаўства з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў дзейнасці і філіяла “Лішкаўская сельская бібліятэка” Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага. Не сакрэт, што вёскі, асабліва аддаленыя ад цэнтраў гападарак, старэюць, страчваюць сваіх жыхароў – непасрэдных удзельнікаў і сведак многіх гістарычных падзей, носьбітаў даўніх звычаяў, абрадаў і традыцый нашых продкаў. Зберагчы ўвесь гэты духоўны скарб – наш клопат і абавязак.
У Лішкаўскай сельскай бібліятэцы ёсць краязнаўчы пакой, дзе захоўваюцца сабраныя з дапамогай чытачоў экспанаты, якія адлюстроўваюць сялянскі побыт пачатку мінулага стагоддзя. Тут жа размешчана і краязнаўчая літаратура, якая знаёміць з гісторыяй Гродзенскай вобласці, Бераставіцкага раёна і вёскі Лішкі.
Як адзначаюць наведвальнікі, пакой гэты сустракае таямнічасцю, тут адчуваецца подых сівой даўніны. Здаецца, што вось-вось – і загучаць галасы нашых далёкіх продкаў, побыт якіх адлюстроўваюць экспанаты.
Пакой нагадвае ўтульную беларускую сялянскую хату з мэбляй і гаспадарчымі прадметамі, якімі некалі карысталіся вяскоўцы ў сваім паўсядзённым жыцці.
На покуце можна ўбачыць бажніцу, упрыгожаную ручнікамі. Тут жа маляўнічы даматканы дыван на драўляным ложку і мяккія падушкі, пакрытыя вышыванкамі. А на сцяне, над ложкам, як і раней, вісяць у рамцы старыя фотаздымкі вяскоўцаў. Доўгі стол, пакрыты прыгожым святочным абрусам, вакол яго – драўляныя лавы. Усё гэта дапамагае наведвальнікам бібліятэкі ўявіць, якім было ўбранне вясковай хаты.
Менавіта ў гэтым пакоі збіраюцца на рэпетыцыі ўдзельніцы фальклорнага гурта “Весялухі”, які дзейнічае пры бібліятэцы ўжо шмат год. У склад гурта ўваходзяць Лідзія Мікалаеўна Галавач, Праскоўя Міхайлаўна Шах і Вера Міхайлаўна Сяргейчык.
Гэтыя цудоўныя жанчыны не ўяўляюць жыцця без песні. Усе яны ўжо размянялі восьмы дзясятак, і ў кожнай за плячыма свой нялёгкі лёс. Але нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці, песня заўсёды крочыла з імі побач, была душэўнай адтулінай і сапраўдным захапленнем .
Сёння пры ўдзеле гурта “Весялухі” ў сельскай бібліятэцы ладзяцца розныя мерапрыемствы: вячоркі, вечары-ўспаміны, вечары-сустрэчы. З канцэртамі жанчыны часта наведваюць Макараўскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, дзе іх добра ведаюць, паважаюць і заўсёды цёпла сустракаюць. Удзельнічаюць “Весялухі” і ў мерапрыемствах, якія праводзяць мясцовыя ўстановы культуры і СВК “Макараўцы”.
Да таго ж, жанчыны гэтыя – адмысловыя гаспадыні і майстрыхі. Многія рэчы для краязнаўчага пакоя падарылі менавіта яны, чым пакінулі пра сябе добрую памяць. Гэта вышыванкі, ручнікі, дываны і шмат што яшчэ. А якія смачныя стравы і выпечку гатуюць нашы ўдзельніцы гурта!
Хачу адзначыць таксама, што жанчыны вельмі любяць чытаць. І хоць зрок ужо не той, але свежы нумар часопіса ці газеты абавязкова возьмуць. Перавагу аддаюць такім выданням, як “Гаспадыня”, “Сваты”, “Ваш лекарь”, “Газета пенсионера” і, безумоўна, “Бераставіцкая газета”.
Хацелася б пажадаць гэтым цудоўным жанчынам моцнага здароўя, жыццёвага аптымізму, даўгалецця.Няхай і далей яны радуюць нас сваімі прыгожымі аўтэнтычнымі песнямі і жаданнем быць карыснымі людзям! А бібліятэка будзе працягваць работу па адраджэнні нацыянальнай культуры, сваёй гістарычнай спадчыны.
Зоя Хлебнікава, бібліятэкар філіяла “Лішкаўская сельская бібліятэка”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *