На Бераставіччыне вялікая ўвага надаецца развіццю жывёлагадоўлі – прыярытэтнай галіны ў аграрным сектары. У нас была праведзена своечасовая мадэрнізацыя вытворчасці. Буйная рагатая жывёла ўтрымліваецца на сучасных малочнатаварных комплексах, што дазволіла аптымізаваць працэс і скараціць выдаткі. Цяпер значна меншая колькасць аператараў машыннага даення абслугоўвае больш кароў. Важным падмуркам павелічэння надояў у гаспадарках раёна з’яўляецца далейшае раскрыццё генетычнага патэнцыялу жывёлы і планамерная работа па ўзнаўленні статка. На Бераставіччыне склалася добрая традыцыя: кожны год тут праводзіцца традыцыйны раённы конкурс па ўзнаўленні статка і штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы. Такі конкурс з’яўляецца сапраўднай падзеяй для аграрыяў, занятых у жывёлагадоўлі. Па выніках работы ў малочнай галіне наш раён пастаянна сярод лепшых у рэспубліцы і вобласці. Ад таго, наколькі здаровай і дагледжанай будзе жывёла, а значыць, і прадуктыўнай, як аднаўляецца статак, залежыць далейшы лёс жывёлагадоўлі ў раёне. Нарошчваць выпуск прадукцыі зараз выгадна і таму, што попыт на яе расце ў самых розных блізкіх і далёкіх краінах. Дыверсіфікацыя экспарту прыносіць новыя магчымасці для пошуку новых партнёраў, айчынную малочную якасную прадукцыю, напрыклад, сухое малако ведаюць і з задавальненнем купляюць далёка за межамі краіны.
А конкурс прафесійнага майстэрства спрыяе здаровай канкурэнцыі і прыўносіць у паўсядзённую работу здаровы “дух спаборніцтва”. Спецыялістам вельмі прыемна, калі ўдаецца там перамагчы. Нядаўна, 24 жніўня, адбыўся чарговы традыцыйны конкурс на базе СВП “АграМір”. Такі выбар быў зроблены невыпадкова. Гаспадарка вылучаецца стабільнай работай і нераўнадушнымі да справы людзьмі.
Ферма будучага – так можна назваць малочнатаварную ферму “Галава” СВП “АграМір”. Тут атрымліваюць высакаякаснае малако. За яго добра плацяць, таму стымул у аграрыяў ёсць.
На малочнатаварнай ферме “Галава” СВП “АграМір” у час адкрыцця мерапрыемства ва ўрачыстай абстаноўцы быў узняты Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Затым удзельнікі конкурсу прайшлі праверку сваіх тэарэтычных і практычных ведаў. Вядома, людзі хваляваліся, таму што камісіі былі строгімі. Мне давялося пабачыць, якое хваляванне, быццам у студэнтаў, было ва ўдзельнікаў на тварах, хаця здавалі такія экзамены яны далёка не першы раз. А ўдзел у праверцы ведаў і практычных навыкаў прымалі акрамя раённай камісіі таксама начальнік упраўлення жывёлагадоўлі і племянной справы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Сарокін, намеснік генеральнага дырэктара па племянной рабоце РУСП “Гродзенскае племпрадпрыемства” Віталій Добрук, які, дарэчы, пачынаў свой працоўны шлях на Бераставіччыне маладым спецыялістам; намеснік начальніка аддзела па племянной рабоце РУСП “Гродзенскае племпрадпрыемства” Анатолій Тодрык і дацэнт кафедры акушэрства і тэрапіі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Аляксандр Козел.
У прыярытэце ў час конкурсу была аб’ектыўнасць, таму можна сказаць, што выйгралі ўсе ўдзельнікі спаборніцтва. У любым выпадку спецыялісты ўдасканалілі свае веды, даведаліся яшчэ больш цікавага і карыснага. Пасля экзамену можна было задаць пытанні, Аляксандр Анатольевіч Козел пагутарыў з людзьмі, якія прысвяцілі сябе рабоце ў такой няпростай галіне. Ён заўсёды рады прадставіць спецыялістам кваліфікаваную кансультацыю.
Пераможцам раённага конкурсу па штучным асемяненні жывёлы сярод тэхнікаў — асеменатараў стаў Ян Эйсмант з СВК “Алекшыцы”, ён набраў 100 балаў са ста магчымых і заняў пачэснае першае месца. Уладзімір Кліменка з СВП “АграМір” і Аляксандр Якута з СВК “Цецяроўка” набралі 98 і 95 балаў і занялі другое і трэцяе месцы. Сярод ветурачоў-гінеколагаў Аляксандр Лазарчык з СВК “Макараўцы” набраў 100 балаў і апынуўся на ганаровым першым месцы. А 99 і 97 балаў набралі Дзмітрый Карпук з СВК “Алекшыцы” і Леанід Якусік з СВК імя Варанецкага і занялі другое і трэцяе месцы.
Максімальную колькасць – сто балаў — набрала ў спаборніцтве сярод заатэхнікаў — селекцыянераў Ірына Кашэвіч з СВК імя Варанецкага. Алена Анохіна з РУСП “Масаляны” набрала 99 балаў і заняла другое месца, 97 балаў — Ірына Андрэева з СВК “Цецяроўка”, у яе трэцяе месца.
Сярод звёнаў па ўзнаўленні статка першае месца заняло звяно СВП “АграМір” (99 балаў). На другім месцы – звяно РУСП “Масаляны” (98 балаў).
Пераможцам былі ўручаны Граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама і каштоўныя падарункі. Уручыў узнагароды і шчыра павіншаваў пераможцаў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Павел Буткевіч.
Прыемныя эмоцыі і натхненне – заўсёды неад’емныя спадарожнікі такога традыцыйнага мерапрыемства.
Конкурс прафесійнага майстэрства пацвярджае, што ўзровень спецыялістаў на Бераставіччыне расце з кожным годам. Да нас прыязджаюць па перадавы вопыт.
— Рэзервы яшчэ ёсць, — мяркуюць жывёлаводы з Бераставіччыны. – Выкарыстаць іх з’яўляецца галоўнай задачай. А арыентавацца трэба на сусветны вопыт.
Далейшых вам поспехаў, шаноўныя замлякі!
Ніна Наддэ, фота аўтара