Конкурс “Галасы гісторыі” прайшоў на Бераставіччыне

Актуально Лента новостей

Каманда Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы

1-2 сакавіка адбыўся раённы этап VII абласнога краязнаўчага конкурсу “Галасы гісторыі”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі аддзелы адукацыі і культуры райвыканкама пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, а таксама раённых грамадскіх арганізацый “Белая Русь”, “Беларускі Фонд міру”, Бераставіцкі раённы Савет ветэранаў.
У конкурсе прынялі ўдзел каманды з усіх агульнаадукацыйных устаноў раёна. Вучні паказалі дастаткова высокі ўзровень ведаў па гісторыі Гродзенскай вобласці і Бераставіччыны.
У бліц-конкурсе “Гродзеншчына ў 1801-1917 гг.” лепшыя вынікі паказалі каманды Вялікабераставіцкай і Малабераставіцкай сярэдніх школ.
Конкурс “Вандроўка”, прысвечаны Айчыннай вайне 1812 г. на Беларусі, патрабаваў ад удзельнікаў дасканалага ведання гістарычных фактаў, умення аналізаваць падзеі, граматна рабіць дапаўненнні. Асабліва вызначыліся ў гэтым конкурсе каманды Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы, Паплаўскага ясляў-сада-базавай школы і Вялікабераставіцкай СШ.
У конкурсе “Славутыя імёны Гродзеншчыны” каманды прадстаўлялі сцэнічны расказ пра знакамітую гістарычную асобу. Удалымі былі выступленні Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы, Пархімаўскай БШ і Малабераставіцкай СШ.
Творча падышлі вучні да абароны праекта “Гістарычныя сядзібы: шлях з мінулага ў будучае”. З выкарыстаннем мультымедыйных сродкаў, элементаў тэатралізацыі былі прадстаўлены праекты аб ся-дзібах Бераставіцкага і іншых раёнаў Гродзеншчыны. Найбольш цікавай была абарона праектаў у каманд Масалянскага ясляў-сада-сярэдняй школы, Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы, Вялікабераставіцкай СШ і Пархімаўскай БШ.
У выніку перажмоцай конкурсу стала каманда Вялікабераставіцкай сярэдняй школы. Другое і трэцяе месца занялі адпаведна каманды Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы і Малабераставіцкай СШ. Пераможцы і ўдзельнікі конкурсу будуць адзначаны каштоўнымі падарункамі і дыпломамі.
Алена ФРЫДЭЛЬ,
галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *