Напрыканцы лютага ў Вялікабераставіцкай школе адбылася выстава “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. Ёю завяршыўся раённы этап аднаіменнага конкурсу, які праводзіў Бераставіцкі райаддзел па надзвычайных сітуацыях. І менавіта падчас выставы былі падведзены вынікі конкурсу.
Так, у намінацыі “Малюнак” першае месца заняла работа “Выратавальнікі”, выкананая Дар’яй Савіцкай (Алекшыцкая СШ), а ў намінацыі “Плакат” — работа пад назвай “Прычыны надзвычайных сітуацый” Ксеніі Найда (Старадварэцкі яслі-сад-базавая школа). У намінацыі “Мадэль” лепшай была вызначана кампазіцыя “Пажарны прыйдзе на дапамогу” Анастасіі Славецкай (Макараўскі яслі-сад-сярэдняя школа). Лепшую мадэль пажарнай тэхнікі стварыў Вадзім Кявейша (Малабераставіцкая СШ), а мяккую цацку — Антон Ігнацюк (Вялікабераставіцкая СШ). Сярод юных “майстроў пяра” вызначыўся Аляксандр Астравух (Масалянскі яслі-сад-сярэдняя школа) з сачыненнем на тэму “Я б у выратавальнікі пайшоў, хай мяне навучаць” і Дзіяна Кшнякіна (Пархімаўская БШ) з вершам на такую ж самую тэму, а таксама Елізавета Улейчык (Старадварэцкі яслі-сад-базавая школа) з апавяданнем “Вялікае сэрца”. Антон Фрыдэль з Вялікабераставіцкай СШ зірнуў на работу выратавальніка праз аб’ектыў фотаапарата: яго калаж “Наша служба і небяспечная, і цяжкая” заняў 1-ае месца ў намінацыі “Фотаработа”.
Застаецца дадаць, што лепшыя работы накіраваны ў Гродна для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу.
Вікторыя Дзержановіч