У суботу, 27 чэрвеня, аграгарадок Вялікія Эйсманты стаў цэнтрам значнай у культурным жыцці Бераставіччыны падзеі. Тут адбыўся IV фестываль польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст”.
Сёлета ў Год моладзі фестываль праходзіў пад дэвізам “Вялікія Эйсманты – аграгарадок маладых”. І менавіта мясцовым маладым, ініцыятыўным і перспектыўным спецыялістам прысвечаны былі ўсе цёплыя словы старэйшых калег, гасцей і арганізатараў фэсту. Найбольш актыўным з іх старшыня СВК імя Варанецкага Іосіф Колас і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Аліна Янушка ўручылі грашовыя прэміі. А старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч, галоўны спецыяліст сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцей галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Мікалай Пацярухін, старшыня грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Мечыслаў Лысы, старшыня Эйсмантаўскага сельскага аддзела Уладзімір Янкойць у сваіх прамовах яшчэ раз падкрэслілі важнасць правядзення “Эйсмантаўскага фэсту” ў справе захавання польскіх традыцый і культуры ўсяго Гродзенскага рэгіёна, падзякавалі спонсарам і арганізатарам свята – сельгаскааператыву імя Варанецкага.
Падчас канцэртнай праграмы гучалі песні на беларускай і польскай мовах. Традыцыйна на дзвюх мовах вялі канцэрт Павел Каржанеўскі і Марына Хамяня.
Выступілі работнікі РДК і РМЦ НТ Андрэй Аруткін, Юлія Атрушкевіч, Кацярына Ганчарова, акампаніятар Макараўскага ДНК Антон Бажко, народны ансамбль польскай песні “Стокроткі” Макараўскага ДНК і мясцовая творчая моладзь – Віялета Шуміла, Ганна Кулікоўская, Анастасія Пляхневіч і Алег Залескі.
Выдатнае веданне польскай мовы прадэманстравалі юныя ўдзельнікі фэсту, вучні Вялікаэйсмантаўскай СШ Караліна Анджыеўская, Аксана і Андрэй Яскевічы, Марцін Маціеўскі, Алеся Антушэвіч, Ганна Талочка і Валерыя Талочка (кіраўнік Алена Талочка).
Сапраўдным сюрпрызам для мясцовых жыхароў і гасцей свята стала выступленне ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя Росы» г.Гродна (мастацкі кіраўнік, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вера Войнава).
“Эйсмантаўскі фэст” заўсёды знаёміць мясцовых жыхароў з творчасцю мастакоў і майстроў бераставіцкай зямлі. На гэты раз у фае Эйсмантаўскага ЦДК можна было ўбачыць лепшыя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва маладых таленавітых людзей раёна. У выставе з адпаведнай назвай “Маладыя таленты Бераставіччыны” ўдзельнічалі работы Вольгі Ігнатовіч, Вольгі Марцён, Сяргея Любімава, Анастасіі Касьян, Жанны Котавай, Паліны Місюлі з Вялікай Бераставіцы, Алены Лебедзь з Малой Бераставіцы, Наталлі Кароль з Пархімаўцаў, Юліі Панцэвіч і Івоны Талочка з Вялікіх Эйсмантаў, Кацярыны Вараб’ёвай з Пагранічнага, Дар’і Пічко з Масалян і Святланы Лукашэвіч з Макараўцаў. Была арганізавана таксама выстава выяўленчых работ навучэнцаў мастацкага аддзялення Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў і яе Эйсмантаўскага філіяла.
Ну і які ж фэст без смачных польскіх страў! Дэгустацыя цудоўнай хатняй выпечкі сабрала шмат жадаючых пакаштаваць прысмакі, прыгатаваныя макараўскімі ўмеліцамі Марынай Сарасек і Ліліяй Мароз, Рэгінай Пальяноўскай і Рамуальдай Глябовіч з Мураваны, Рамуальдай Пальяноўскай і Уладзіславай Бараноўскай з Малых Эйсмантаў, Яўгеніяй Заміроўскай з Калеснікаў, Ганнай Кулікоўскай, Лідзіяй Халявік, Юліяй Панцэвіч, Галінай Станеўскай з Вялікіх Эйсмантаў.
Традыцыйна на “Эйсмантаўскім падворку” частавалі польскім бігасам і юшкай. Дарэчы, яшчэ адным сюрпрызам для жыхароў Вялікіх Эйсмантаў і ваколіц стала выступленне клуба рыцарскіх мастацтваў “DIES MAGNA” з г.Ліда.
Работнікі раённага Дома культуры падрыхтавалі для дзяцей гульнявую праграму “Вясёлка дзяцінства”. Між іншым, для самых маленькіх жыхароў аграгарадка дзейнічалі забаўляльныя атракцыёны і палаткі з салодкасцямі і цацкамі.
У “Горадзе майстроў”, які прадстаўлялі рамеснікі Мастоўскага, Свіслацкага і Зэльвенскага Дамоў рамёстваў, а таксама народныя ўмельцы з Гродна і Ваўкавыска, можна было набыць прыгожыя рэчы ручной работы. Попытам карысталіся дэкаратыўныя вырабы Бераставіцкага Дома рамёстваў. Таксама можна было набыць сувенірныя паштоўкі з сімволікай фэсту, выкананыя настаўнікам Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў, мастаком, мясцовым краязнаўцам, аўтарам эмблемы свята Андрэем Втарушыным.
Завяршылася свята дыскатэкай і феерверкам.
Святлана Ганчарова, фота аўтара
Красивый фестиваль. Очень красивые работы у Ольги Игнатович. Настоящие шедевры!!!