Адна з найбольш надзённых сацыяльных праблем нашага часу — рост колькасці злачынстваў і правапарушэнняў сярод моладзі, большасць з якіх так ці інакш звязана з ужываннем алкаголю, наркотыкаў, розных таксічных рэчываў. Таму прафілактыцы ўсіх залежнасцей надаецца вялікая ўвага. На базе нашай установы адукацыі адбыўся раённы семінар намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце па тэме “Прафілактыка і супрацьдзеянне наркаманіі, алкагалізму і курэння сярод непаўналетніх”.
У семінары прынялі ўдзел псіхіятр-тэрапеўт Бераставіцкай ЦРБ К.А. Клімовіч і ўчастковы інспектар Бераставіцкага РАУС Дз.У.Болбат, якія вялі размову аб узаемадзеянні ўстаноў адукацыі з зацікаўленымі структурамі па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і курэння, аб росце колькасці злачынстваў і правапарушэнняў сярод моладзі. З прычынамі і спосабамі пераадолення дэвіянтных паводзін пазнаёміла сацыяльны педагог установы адукацыі У.І. Станько. Удзельнікі семінара пазнаёміліся з вопытам работы па фарміраванню пазітыўных адносін да жыцця як формай прафілактыкі наркаманіі, якая вядзецца ў Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе. У прыватнасці, ва ўстанове адукацыі праводзяцца класныя гадзіны, трэнінгавыя заняткі, арганізуюцца псіхалагічныя акцыі «Падары ўсмешку», «Вясёлка настрою», «Дзень пазітыўных думак». На класных гадзінах навучэнцы атрымліваюць інфармацыю аб тым, што такое пазітыўнае і негатыўнае мысленне, як можна супрацьстаяць негатыву і развіваць у сабе аптымізм. На трэнінгавых занятках адпрацоўваюцца навыкі канструктыўных зносін, уменні ўзаемадзейнічаць у камандзе, развіваецца крэатыўнасць і раскрываецца патэнцыял кожнага навучэнца.Затым усе прысутныя наведалі класную гадзіну ў 9 — 11 класах «Шлях да сябе», якую правяла класны кіраўнік І.У. Лебядзевіч і трэнінгавы занятак па методыцы «роўны навучае роўнага» «Усё ў тваіх руках», якое падрыхтавалі члены антынаркатычнага атрада «ВЕК» пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага Л.А. Аўдзей. Усе гэтыя формы работы спалучаліся з прапагандай здаровага ладу жыцця і, безумоўна, з’яўляліся спосабамі прафілактыкі наркаманіі, алкаголю, курэння ў моладзевым асяроддзі. Алена Будніцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы