Кватарскія школьнікі пабывалі ў Ваўкавыску: знаёмства з гісторыяй і прафарыентацыя

Лента новостей

Добрае веданне гісторыі сваёй Бацькаўшчыны — гэта найважнейшы грамадзянскі абавязак кожнага чалавека, які дае надзейную апору ў жыцці. Таму на ўроках, пазакласных мерапрыемствах мы пастаянна знаёмім вучняў з мінулым і сучасным сваёй Айчыны. Адным з такіх мерапрыемстваў стала і паездка ў суботу, 26 студзеня, у горад Ваўкавыск, падчас якой вучні 5-9 класаў Кватарскага ясляў-сада-базавай школы разам з настаўнікамі наведалі гісторыка-краязнаўчы музей імя Баграціёна, Абмундзіраванне салдат, зброя, якую прымянялі пры абароне, фотаздымкі вуліц горада, экспанаты, якім больш за сем стагоддзяў, папяровыя асігнацыі, якімі разлічваліся больш за 100 гадоў таму назад, пакінулі шмат уражанняў у памяці школьнікаў.

Яшчэ адна мэта нашай паездкі – прафарыентацыйная, тым больш што нашым выпускнікам ужо час вызначацца з будучай прафесіяй. Б.Шоў сказаў: “Пастарайся атрымаць тое, што любіш, інакш трэба будзе палюбіць тое, што атрымаў”.

Таму з музея мы накіраваліся ў аграрны каледж, каб паглядзець, як праходзіць студэнцкае жыццё, пазнаёміцца з прафесіямі, якія можна атрымаць у гэтай навучальнай установе. Вельмі спадабаліся дзецям актавая зала, утульныя кабінеты, прасторныя спартыўныя залы, у якіх праходзяць не толькі ўрокі фізічнай культуры, але разнастайныя мерапрыемствы. Наведалі мы і інтэрнат, у якім створаны вельмі добрыя ўмовы для пражывання і адпачынку, ёсць чытальная зала, бібліятэка. У вячэрні час працуюць гурткі і секцыі.

Наша экскурсія завяршылася наведваннем педагагічнага каледжа, у сценах якога вучыліся многія настаўнікі нашай школы.

І тут нас гасцінна сустрэлі выкладчыкі, правялі экскурсію па каледжы, расказалі аб прафесіях, якія можна набыць у яго сценах. Мы наведалі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, даведаліся, чым навучэнцы займаюцца ў вольны час. Вялікая ўвага ў каледжы ўдзяляецца мастацкай самадзейнасці, створаны валанцёрскі атрад, які пастаянна аказвае неабходную дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Хочацца верыць, што пасля гэтай паездкі многія нашы сённяшнія выпускнікі стануць навучэнцамі навучальных устаноў горада Ваўкавыска. Нездарма ж кажуць: “Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць”.

Тэрэза Сідаркевіч, класны кіраўнік 8 класа Кватарскага ясляў-сада – базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *