У пачатку лютага навучэнцы Кватарскага ясляў-сада-базавай школы ўпершыню наведалі “Музей Вавёркі” ў Вялікай Бераставіцы.
Першай наведвальнікаў музея сустрэла чылійская вавёрка, для якой хлопчыкі і дзяўчынкі пакінулі грашовыя падарункі ў кошыку.
Цікава і змястоўна правёў экскурсію супрацоўнік музея Мікалай Пацэнка. А пачалася яна са знаёмства з картай свету, пры дапамозе якой навучэнцы даведаліся, у якіх мясцінах жывуць розныя віды вавёрак.
Экалагічная частка экскурсіі па музеі закончылася аглядам выставы вырабаў, марак, паштовак з выявай вавёркі. Затым Мікалай Іванавіч пазнаёміў навучэнцаў з гербам Бераставіцы. Шматлікія экспанаты музея расказалі пра гісторыю ўзнікнення Бераставіцы, аб паходжанні яе назвы, аб развіцці гарадскога пасёлка і раёна.
З цікавасцю слухалі школьнікі аповед пра гісторыю свайго краю. Парадавала іх і тое, што сярод экспанатаў раённага музея ёсць і экспанаты з Кватарскага гісторыка-краязнаўчага музея. Гэта скрыпка, якая належала жыхару вёскі Мянькі, які загінуў у гады Вялікай Айчынай вайны. Сярод знакамітых людзей Бераставіцкага раёна навучэнцы знайшлі і прозвішчы сваіх землякоў. Гэта П.П.Цыванюк — былы дырэктар Кватарскай школы, заслужаны настаўнік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны; І.М.Захарчук — былы старшыня Бераставіцкага райвыканкама; А.Я.Жыжаль — былы міністр будаўніцтва.
Экскурсія вельмі спадабалася нашым навучэнцам. Яна садзейнічала пашырэнню іх ведаў пра гісторыю роднага краю, сваіх мясцін, выклікала ў дзіцячых душах пачуццё гонару за сваіх землякоў.
Выйшлі з музея і дзеці, і дарослыя з добрым настроем, абяцалі вярнуцца з падарункамі для вавёркі яшчэ не адзін раз.
Святлана Леваненя, настаўнік беларускай мовы
Кватарскага ясляў-сада-базавай школы