Касцёл Святога Антонія ў Малой Бераставіцы: Праект інжынера Нардштэйна

Из истории земли Берестовицкой Культура

11Як выратавальная ладдзя ўзвышаецца над Малой Бераставіцай касцёл Святога Антонія з Падуі. Хто яго пабудаваў і як склаўся лёс гэтага помніка позняга класіцызму? Адказ на гэтыя пытанні можна знайсці ў дакументах з Гродзенскага гістарычнага архіва.
А пачыналася ўсё так. Уладальнік маёнтка Малая Бераставіца, былы прадвадзіцель дваранства Сакольскага павета Антон Іпалітавіч Ваўкавіцкі 13 лютага 1850 года падае прашэнне на імя імператара Мікалая І аб дазволе будаўніцтва мураванага касцёла замест старога драўлянага ў сваім маёнтку. Да прашэння быў дададзены план касцёла з фасадам. Сваё прашэнне А.І. Ваўкавіцкі даверыў падаць тытулярнаму саветніку Восіпу Фамічу Мацкевічу, які накіраваў ліст у Гро­дзенскую канцылярыю. Яе начальнік К. Садоўскі 20 лютага 1850 года піша распара­джальны ліст у Віленскую Рымска-каталіцкую Духоўную кансісторыю аб прыняцці рашэння наконт будаўніцтва ў Малой Бераставіцы мураванага касцёла. Між іншым, начальнік Гродзенскай канцылярыі ў лісце зазначае, што аўтарам плана і фасада касцёла для маёнтка Малая Бераставіца з’яўляецца гродзенскі каморнік Малевіч. Віленская Рымска-каталіцкая Духоўная кансісторыя згадзілася на пабудову новага мураванага касцёла замест драўлянага, які паходзіў з ХVІІІ ст. і прыйшоў у заняпад.
На працягу ўсяго 1850 года дазвол на будаўніцтва А. І. Ваўкавіцкім мураванага касцёла ў сваім маёнтку паспяхова праходзіў праз шматлікія дзяржаўныя ўстановы Гродзенскай губер­ніі. Пакуль нарэшце не трапіў у Галоўнае Упраўленне шляхоў сувязей і грамадскіх будынкаў Гродзенскай будаўнічай і дарожнай камісіі. 23 снежня 1850 года будаўнічая камісія разгледзела план касцёла каморніка Малевіча і выявіла памылкі, якія характэрызуюць Малевіча як аматара архітэктурнай справы. У водзыве Гродзенскай будаўнічай камісіі аб гэтым напісана наступнае: “План, фасад и разрезы начертаны без соблюдения архитектурных правил и симметрии… К проекту не приложено плана колокольни, которую прилично было бы устроить на фронте костела”. Камісія адпраўляе план Малевіча назад у Губернскае Праўленне для “переделки такового в простом, но красивом стиле, для подобных сооружений принятом”. Праз год, 13 лютага 1851 года, неадобраны план касцёла быў вернуты Антону Ваўкавіцкаму ў Малую Бераставіцу з прапановай зрабіць другі варыянт плана і фасада касцёла. Рэкамендавана таксама, каб гэтую работу выканалі спецыялісты Гродзенскай будаўнічай камісіі.
486 сакавіка 1851 года памешчык А.І. Ваўкавіцкі зноў падае на імя імператара Мікалая І прашэнне аб дазволе зацвердзіць новы план касцёла са званіцай. Так, 31 сакавіка 1851 года з’явіўся другі канчатковы план касцёла Св. Антонія для Малой Бераставіцы інжынера і падпалкоўніка Нардштэйна, загадчыка чарцёжнага стала Гродзенскай будаўнічай камісіі. Менавіта яго план і быў зацверджаны будаўнічай камісіяй, а праз некалькі месяцаў перададзены А.І. Ваўкавіцкаму ў Малую Бераставіцу.
16 красавіка 1851 года Губернскае Праўленне дае дазвол А.І. Ваўкавіцкаму пабудаваць мураваны касцёл у яго маёнтку згодна праекта інжынера Нардштэйна. 1 жніўня 1851 года Антон Іпалітавіч атрымаў гэты праект. І 30 верасня 1851 года было распачата будаўніцтва мураванай святыні, якое завяршылася ў 1861 годзе.
Вясной 1868 года ў Малой і Мураванай Бераставіцах па запрашэнні сям’і Ваўкавіцкіх пабываў кампазітар і мастак Напалеон Орда (1807-1883). Дзякуючы яго малюнкам, якія захоўваюцца ў Кракаве, можна ўбачыць першапачатковы выгляд касцёла Св. Антонія (на здымку ўверсе). Гэта прамавугольнае збудаванне, упрыгожанае 4-граннай паўкупальнай званіцай над галоўным фасадам. Помнік архітэктуры позняга класіцызму з рысамі рэтраспектыўнага рускага стылю.
Далейшы лёс касцёла быў такім. У 1868-1919 гг. ён быў перададзены праваслаўнаму духавенству і перароблены пад царкву. Дазвол на гэта дае Гродзенскі губернатар генерал-маёр І.М. Скварцоў ад 7 верасня 1866 года ў распараджальным лісце да Гродзенкага павятовага камітэта па ўладкаванню праваслаўных цэркваў. Прызначаная сума ў 910 рублёў срэбрам была выкарыстана ў асноўным на ўнутраную аздобу царквы. З 1919 года храм зноў вернуты католікам. З прыходам савецкай улады ў 1939 годзе касцёл зачынілі. Але пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў зарэгістраваны мясцовым ксяндзом Казімірам Мацкевічам, які праводзіў службу з 1945 па 1947 гг. Пад націскам атэістычнай прапаганды ён пераязджае ў Польшчу. З 1948 года службу праводзіць ксёндз Алоіз Тамковіч з Макараўскага прыходу. Ён заставаўся верным сваім прыхаджанам да свайго арышта ў 1951 годзе. Звесткі пра апошнія дні касцёла змешчаны ў “Дакладзе аб рабоце за 1954 год і аб дзейнасці рэлігійных культаў у Гродзенскай вобласці” (Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці). Упаўнаважанавы Савета па справах рэлігійных культаў пры СМ БССР М. Саласенкаў піша: «Одно католическое религиозное общество в деревне Малая Берестовица Берестовицкого района снято с регистрации бывшим Уполномоченным Совета в связи с тем, что костел, находившийся в пользовании этого общества, в 1952 г. был уничтожен пожаром».
Час адраджэння малабераставіцкай святыні наступіў у 1991 годзе, дзякуючы намаганням ксяндза Казіміра Жыліса з Індуры. Адноўлены з руінаў касцёл ён асвяціў у 1994 го­дзе пад гістарычнай назвай у гонар Свя­тога Антонія Па­дуан­скага. У 2014 годзе мала­бераставіцкая парафія адзначыла 20-годдзе з часу аднаўлення касцёла.
Будынак касцёла пастаў­лены на высокім земляным вале побач з аўтадарогай Бераставіца – Гродна і надае мястэчку прыкметны сімвал веры.
Андрэй Втарушын,
настаўнік
Бераставіцкай ДШМ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *