Карына Леваненя — прызёр абласнога конкурсу

Лента новостей

IMG_048118 сакавіка ў Мастах праходзіў абласны занальны этап IV рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года – 2016”, у якім прымалі ўдзел лідары вучнёўскага самакіравання, актывісты дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў з Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Зэльвенскага, Мастоўскага, Свіслацкага, Слонімскага, Шчучынскага раёнаў і Ленінскага раёна г.Гродна.
Бераставіччыну прад­стаў­ляла перамож­ца раён­нага конкурсу “Лідар года – 2016” Карына Леваненя, вучаніца 10”А” класа гімназіі аг. Пагранічны.

Конкурсная прагра­ма складалася з за­вочнага і вочнага этапаў, прэтэндэнты на званне лідара абласнога конкурсу папярэдне рыхтавалі партфоліа “Гісторыя май­го поспеху” і творчы конкурс “Свет, я чую цябе”, а ўжо на сцэне Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі абаранялі свае праекты, прэзентавалі сваю грамадзянскую пазіцыю і дэманстравалі творчыя здольнасці.
Прадстаўніца нашага раёна Карына Леваненя годна вытрымала ўсе этапы конкурсу і стала яго прызёрам, заняўшы ганаровае другое месца.
Мы звязаліся з Карынай, каб павіншаваць з удалым выступленнем і пацікавіцца яе ўражаннямі ад удзелу ў абласным конкурсе.
— Для мяне было вельмі хвалюючым прымаць удзел у мерапрыемстве абласнога ўзроўню, — гаворыць Карына, — я адчувала, што на мне ляжыць вялікая адказнасць, прычым, не толькі за сябе, але і за ўвесь раён. Дапамагло тое, што са мной побач былі мае сябры і педагогі, можна сказаць, што гэта наша агульная перамога. Я вельмі ўдзячна майму класнаму кіраўніку Валянціне Валянцінаўне Сахновай, намесніку дырэктара Таццяне Анатольеўне Паланейчык, усёй маёй камандзе за дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсу. Ён даў мне вельмі карысны вопыт і ўпэўненасць у сваіх сілах, навучыў, што не трэба баяцца паказваць усё, на што ты здольная.
Тое, што Карына Леваненя сапраўдны лідар, пацвярджаюць у гімназіі аг. Пагранічны. У мінулым годзе яе выбралі прэзідэнтам школьнай рэспублікі “Дружны дом”, яна прымае актыўны ўдзел ва ўсіх школьных мерапрыемствах, з’яўляецца арганізатарам танцавальнага руху ў гімназіі. Дзяўчына закончыла на “выдатна” харэаграфічнае аддзяленне музычнай школы і ўласнае захапленне танцамі стараецца перадаць сваім равеснікам. На абласным конкурсе яна абараняла праект “Наш фармат – рухацца ў такт”, які распрацаваны з мэтай адцягнуць увагу падлеткаў ад сучасных гаджэтаў і прывіць ім жаданне займацца танцамі і развіваць фізічную актыўнасць. Дарэчы, яе праект атрымаў высокую ацэнку членаў журы.
А яшчэ Карына – выдатніца вучобы, яе сярэдні бал – 9,5. І па выніках удзелу ў раённых алімпіядах па рускай і беларускай мовах у гэтым навучальным годзе ў яе два прызавых месцы. Дзяўчына таксама шмат увагі ўдзяляе вывучэнню замежнай мовы, у будучым марыць стаць перакладчыкам.
Мэтанакіраваная, адказная і крэатыўная, яна зараджае сваёй энергіяй іншых і з’яўляецца добрым прыкладам для сваіх равеснікаў.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *