Карына Качанава: “Звонкая раніца” запомніцца надоўга»

Лента новостей

2Як ужо паведамлялася ў “раёнцы”, наша юная зямлячка, вучаніца 8 класа Вялікабераставіцкай СШ, Карына Качанава (на здымку) прайшла ў фінальны тур конкурсу «Звонкая раніца», арганізатарамі якога выступаюць рэдакцыя “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. Тры тыдні правяла дзяўчынка ў “Зубраняці”, у атмасферы творчасці і сяброўства. І хоць яна не ўвайшла ў дзясятку лепшых, але атрымала высокую адзнаку педагогаў і членаў журы, прывезла шмат прыемных уражанняў, якімі дзеліцца сёння з нашымі чытачамі:
– Мне вельмі спадабалася ў “Зубраняці”. Нягледзячы на канкурэнцыю, я пасябравала з многімі канкурсантамі з усёй рэспублікі. Атрымала карысны вопыт творчай работы і правільных паводзін на сцэне падчас выступленняў. Акрамя абавязковых школьных урокаў у нас кожны дзень праводзіліся заняткі па харэаграфіі. З намі працавалі тры выкладчыкі па вакалу, стылісты, педагогі па акцёрскаму майстэрству, вучылі нават правільна даваць інтэрв’ю журналістам. І дысцыпліна была дастаткова строгая. Некаторыя канкурсанты не вытрымалі такога інтэнсіўнага і напружанага рытму, паехалі дамоў. Мая куратар, Алеся Іванаўна Чарняўская, прапанавала мне тры песні, якія я падрыхтавала да двух справаздачных канцэртаў фінальнага тура і гала-канцэрта. Гэта творы з рэпертуару Крыстал “Еўропа”, Паліны Гагарынай “Навек” і Іны Афанасьевай “Неба”. Іна Афанасьева, дарэчы, была членам журы на заключным канцэрце, і я вельмі старалася выканаць яе песню дастойна. Не перадаць таго адчування і настрою, калі пачула ад знакамітай беларускай спявачкі словы пахвалы і падтрымкі. І хоць я не перамагла, але атрымала каласальнае задавальненне ад удзелу ў такім цікавым праекце. Хачу сказаць дзякуй усім землякам, хто аддаў за мяне свой голас у смс-галасаванні. Гэта мяне вельмі падтрымлівала і натхняла. “Звонкую раніцу” запомню надоўга!
Карына Качанава вельмі любіць спяваць, і мы часта бачым дзяўчынку на раённай сцэне і ў якасці салісткі, і як удзельніцу вакальнага гуртка “Салавейкі”, якім кіруе Вераніка Хлістоўская. Цяпер яна разам з Насцяй Барэль рыхтуецца да ўдзелу ў ХХІ абласным фестывалі-конкурсе “Таленты Прынямоння-2014”. Пажадаем дзяўчынкам поспехаў!
Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *