“Карункавы калейдаскоп” Ганны Гарбачэўскай

Лента новостей

IMG_2677 IMG_2678 IMG_2681 IMG_2682У 1чытальнай зале раённай бібліятэкі адкрылася выстава карункавых твораў жыхаркі г.п.В.Бераставіца Ганны Іванаўны Гарбачэўскай.
Увазе наведвальнікаў прад­стаўлены цудоўныя сурвэткі і да­рожкі, прыгожыя каляровыя цукерніцы, адмысловыя падвазонніцы, вазы і кашолачкі. Вачэй не адвесці ад усёй гэтай прыгажосці, зробленай рукамі простай сціплай жанчыны. Тут жа і цацкі, звязаныя кручком, – курачкі, трускаўкі, суніцы, кветкі. Сапраўдная забава для дзяцей! Маленькія чытачы з непадробнай цікавасцю і задавальненнем мацаюць мяккія і яркія вырабы.
PENTACON DIGITAL CAMERAКарункі з нітак зачаравалі Ганну Іванаўну яшчэ ў дзяцінстве. Вязанню кручком яна навучылася ў сваёй цёткі Уладзі, бацькавай сятры. Уладзіслава Андрэеўна Майкоўская, якая жыве ў Пятэльчыцах, адмысловая майстрыха, хораша вышывала, ткала, шыла, вязала кручком і пруткамі. Ад яе Ганна пераняла асновы вязання карункаў і з таго часу ўсё сваё жыццё займаецца гэтым даўнім народным дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Сама прыдумвае ўзоры, сама падбірае колеры. Прызнаецца, што калі бярэцца за нейкую рэч, то не супакойваецца, пакуль не закончыць яе. Звычайна звязаць падвазонніцу ці дарожку займае ў яе два-тры вечары. Больш складаныя рэчы, безумоўна, патрабуюць больш часу. Ганна Іванаўна аздабляла карункамі абрусы, навалачкі, прасціны, накідкі на падушкі. Аднак цяпер жанчыне больш падабаецца вязаць прадметы дэкору, цацкі. Да таго ж, яна накрухмальвае свае вырабы, і яны набываюць цвёрдасць, становяцца больш трывалымі ва ўжытку.
Жыццё Ганны Іванаўны нельга назваць лёгкім. Каля дваццаці гадоў яна была муляром у ПМК-141, а калі пайшла на пенсію, то працавала прыбіральшчыцай у горгазе. Пастаянная цяжкая фізічная праца, а яшчэ і ў хатняй гаспадарцы – здаецца, тут не да творчасці і не да палёту фантазіі. Але калі душа прагне прыгожосці, то натхненне знойдзе дзе прасачыцца.
Вязанне кручком для Ганны Іванаўны – справа душы і адпачынак. А яе творы выклікаюць захапленне і дораць радасны настрой. Наведайце выставу, каб самім упэўніцца ў гэтым.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *