Больш за 400 унікальных эспанатаў сабрана ў музеі “Каменны летапіс зямлі”, які дзейнічае ў Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе. Яго кіраўнік – Леанід Раманавіч Калеснік (на здымку з вучнямі) – чалавек, апантаны сваім захапленнем, які прыкладае шмат намаганняў, каб гэта калекцыя пастаянна папаўнялася.
А пачалося ўсё ў канцы 90-гадоў, калі Леанід Раманавіч быў на курсах у Гродне. Тады ён і трапіў упершыню на экскурсію ва ўзорную майстэрню-студыю па мастацкай апрацоўцы камянёў “Карат”, якой кіруе Уладзімір Жданюк. Менавіта там зарадзілася думка аб неабходнасці стварэння свайго мінералагічнага музея, які дасць магчымасць вучням дакрануцца да дзівоснага дара прыроды – камянёў. Уражанне ад убачанага ў “Караце” было настолькі моцнае, што першае, што зрабіў настаўнік па прыездзе ў школу – дастаў з каробак і разлажыў у шафах “Вучэбную калекцыю горных парод і мінералаў”, каб яна заўсёды была на відавоку ў школьнікаў. Затым была паездка ў студыю “Карат” ужо разам з вучнямі, дзе ім нават удалося папрацаваць у майстэрні па апрацоўцы камянёў і прывесці дамоў зробленыя ўласнымі рукамі кулоны.
Сваё захапленне Леанід Калеснік перадаваў вучням і ў час экспедыцый па пошуку экспанатаў для музея, якія арганізоўваліся летам у лагеры “Мерыдыян”.
Першапачаткова музей размяшчаўся ў невялікім школьным кабінеце, але хутка ён ужо не стаў змяшчаць калекцыю, якая пастаянна папаўнялася. Каля трох гадоў назад музей перамясціўся ў больш прасторнае памяшканне былой бібліятэкі, папоўніўся новымі раздзеламі і новымі экспанатамі.
У прыватнасці, калекцыю мінералаў падарыў школьнаму музею кіраўнік “Карата” Уладзімір Жданюк, палеанталагічную калекцыю набылі за сродкі Эйсмантаўскага сельскага Савета, а калекцыю крэмнію сабраў сам Калеснік разам са сваімі вучнямі.
Леанід Раманавіч праводзіць для мяне невялікую экскурсію па музеі. Вось раздзел “Мінералы”, дзе прадстаўлены крышталы з розных частак свету, ля раздзелу “Горныя пароды” затрымліваемся ля яшмы – гэта камень, з якога атрымліваюцца вельмі прыгожыя вырабы. Ёсць у музеі раздзел “Карысныя выкапні” (у асноўным, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі), экспазіцыя “Ледніковы перыяд” прысвечана развіццю ледніковага рэльефу і пародам, якія сфарміраваліся ў час ледніка. У палеанталагічнай калекцыі ёсць нават экспанат, узрост якога налічвае 74 мільёны гадоў. Дарэчы, калекцыя дапоўнена стэндам, які тлумачыць развіццё жыцця на Зямлі. І ўсё, што паказана на макеце, можна знайсці ў выглядзе акамянеласцей палеанталагічнага раздзела.
Адзін з найбольш любімых раздзелаў Леаніда Раманавіча – раздзел “Крэмень Беларусі”. Можа таму, што практычна ўсё тут сабрана і дабыта яго ўласнымі рукамі і рукамі яго вучняў. Уражвае, што крэмень мастацкіх, фантастычных формаў. Наогул, такія буйныя ўзоры вельмі рэдкія, Леанід Раманавіч з гордасцю адзначае, што яны нават лепшыя за прадстаўленыя ў музеі БДУ. Дабывалі гэтыя экспанаты на Бярозаўскім і Краснасельскім мелавых кар’ерах, частка з іх перададзена студыі “Карат”. У настаўніка ёсць мэта наведаць усе кар’еры Беларусі, і ён яе практычна ўжо рэалізаваў, засталіся нязведаннымі яшчэ толькі Касцюковіцкі, Крычаўскі і новы кар’ер у Маларыце. Гэтым летам новыя экспанаты ў музей Леанід Раманавіч прывёз з Салігорскага кар’ера.
Раздел “Наш край” паказвае, як выкарыстоўваліся прыродныя матэрыялы са старажытных часоў на нашай тэрыторыі. Сярод яго экспанатаў – каменная сякера неаліту, вырабы з гліны XVI стагоддзя, у прыватнасці, будаўнічы матэрыял саман (сумесь гліны, саломы і каравяка), з якога будаваліся многія пабудовы ў нашай мясцовасці. Пачынаецца ў музеі і фарміраванне новага раздзелу “Вырабы з металу”, у экспазіцыі ўжо ёсць нават чым пахваліцца – замок, выкананы па тэхналогіі ранняга Сярэдневякоўя (прыкладна XII стагоддзе).
Яшчэ адзін раздзел прысвечаны ландшафтам Бераставіцкага раёна. Фотаздымкі і карта раёна – гэта практычна распрацаваны турыстычны маршрут, які зможа зацікавіць многіх. Буры камень на вяршыне Магілянскіх гор, культавы камень на полі каля вёсак Казлы і Канюхі, паліганальныя жылы Індурскага кар’ера, ледніковае возера ў Ярмолічах і шмат іншых цікавых месцаў раёна, якія абавязкова трэба наведаць.
Музей у Вялікаэйсмантаўскай школе мае вялікае практычнае значэнне. Лепшага месца для правядзення многіх наглядных урокаў геаграфіі, гісторыі, хіміі, бадай, і не прыдумаешь. На жаль, карыстаюцца гэтым багаццем пакуль што пераважна мясцовыя школьнікі. Між тым, дзверы школьнага музея адкрыты для усіх, каб запрасіць у чароўны свет камянёў, якія з’яўляюцца сведкамі самых старажытных часоў і, па словах Леаніда Раманавіча, шмат аб чым могуць расказаць, дапаўняючы цэласную карціну свету.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара