18-20 ліпеня ў вёсцы Каралі Мастоўскага раёна праходзіў абласны маладзёжны турыстычны злёт. Сёлета ён быў прысвечаны 50-годдзю беларускага студатрадаўскага руху і 95-й гадавіне УЛКСМ, расказала першы сакратар раённага камітэта БРСМ Ірына Крывапляс. У турыстычным злёце прынялі ўдзел 17 каманд, якія прадставілі практычна ўсе рэгіёны Гродзеншчыны. Больш за 300 маладых людзей вобласці на тры дні акунуліся ў атмасферу рамантыкі, спорту і цудоўнага настрою. За Бераставіцкі раён выступала каманда СВК “Малабераставіцкі элітгас”, якая перамагла ў раённым турыстычным злёце. Выпрабаванні, якія чакалі турыстаў на маляўнічым беразе Шчары, лёгкімі не назавеш. Адна толькі паласа перашкод патрабавала пераадолення і ракі, і сапраўднай гаці, і пераправы па канаце на вышыні некалькіх метраў, прычым, выконвалася гэта ўсё ў поўнай турысцкай амуніцыі. Спаборнічалі каманды таксама і ў перацягванні каната, падцягванні, падняцці гіры, валейболе, дартсе і армрэслінгу. Свае творчыя здольнасці маладыя людзі дэманстравалі ў конкурсах песні ля кастра, сценгазет, “Быт турыста”. А ў вольны час абменьваліся вопытам у арганізацыі спартыўных і культурна-масавых мерапрыемстваў і знаходзілі новых сяброў. Перамогу ў абласным маладзёжным турыстычным злёце заняла каманда з горада Гродна, на другім і трэцім месцы аказаліся турысты са Шчучынскага і Смаргонскага раёнаў. На жаль, наша каманда прызавых месцаў не атрымала, у агульным заліку ў яе дзясятае месца.
Ірына Міклаш