Ёсць прафесіі, дзе не можа затрымацца выпадковы чалавек. А калі работніка паклікала прызванне, калі справа яму па душы, дык і паўсядзённыя клопаты яму ў радасць, і іншым людзям ён паказвае добры прыклад. Менавіта такія цёплыя словы мне давялося пачуць у СВК “Макараўцы” ў адрас галоўнага інжынера Вячаслава Мілянкевіча і начальніка пункта тэхнічнага абслугоўвання Івана Агея.
Вячаслаў працуе ў гаспадарцы з 1994 года. За гэты час праявіў сябе ў першую чаргу нераўнадушным да агульнай калектыўнай справы чалавекам. Гэта было заўважана, як і многія іншыя яго якасці – адказнасць, добрасумленнасць, і, безумоўна, любоў да тэхнікі. Галоўным інжынерам Вячаслаў стаў у 2001 годзе. Ён клапоціцца, каб тэхніка была ў парадку. У гэтым годзе работы было шмат – да жніва трэба было падрыхтаваць 12 камбайнаў, з якіх 5 імпартных. Усе яны дагледжаныя, праблем камбайнерам не ствараюць.
Пра Вячаслава Мілянкевіча гавораць у СВК “Макараўцы”, што гэта яшчэ і вельмі сціплы чалавек, не любіць быць у цэнтры ўвагі. Але адносінам да справы ў яго можна павучыцца.
А стаж Івана Агея ў гаспадарцы ўжо 25 гадоў. Займаецца ён абслугоўваннем тэхнікі, і ў сельгаскааператыве заслужыў самую шчырую павагу, таму што чалавек ён сумленны і адказны.
А аб’ядноўвае гэтых двух людзей агульнае захапленне. Любоў да тэхнікі ў іх з дзяцінства, што вельмі дапамагае ім у працы.
Ніна Наддэ, фота аўтара