Божае Нараджэнне – светлае сямейнае свята. Але ёсць людзі, якія ў сілу абставін не змаглі правесці гэты дзень разам са сваёй сям’ёй. Сярод іх воіны-пагранічнікі, якія ў гэтыя святочныя дні ахоўваюць рубяжы Айчыны.
Для таго каб падбадзёрыць вайскоўцаў і стварыць для іх святочную атмасферу, настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы г. п. Бераставіца протаіерэй Віталій Яроміч адразу пасля богаслужэння ў храме наведаў пагранічную заставу № 9 «Галынка». Традыцыйна разам са святаром у госці да пагранічнікаў адправіўся і маладзёжны хор храма.
На заставе быў адслужаны святочны малебен, пасля якога айцец Віталій павіншаваў прысутных са светлым святам Нараджэння Хрыстова, пажадаў усім здароўя, даўгалецця, поспехаў у справах, дапамогі Божай у нялёгкім служэнні і добрага святочнага настрою. Хор парадаваў ваеннаслужачых выкананнем калядак. Завяршылася сустрэча сумеснай трапезай, арганізаванай сіламі прыходу.
***
У свята Нараджэння Хрыстова настаяцель храма святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай протаіерэй Сергій Шэлест наведаў пагранічную заставу № 10 «Мінчыкі». Айцец Сергій павіншаваў воінаў-пагранічнікаў са святам, пажадаў ім мужнасці, моцы душэўных і цялесных сіл, Божай дапамогі ў нясенні нялёгкага служэння па ахове рубяжоў Айчыны і менш трывожных начэй. Традыцыйна святар паднёс салдатам салодкія падарункі.
***
У філіяле «Пагранічная сельская бібліятэка» адбыліся калядныя вячоркі “Пад ззяннем Каляднай зоркі”. Падчас мерапрыемства юныя чытачы адправіліся ў займальнае падарожжа па творах вялікіх казачнікаў Гофмана і братоў Грым. Была праведзена таксама літаратурная віктарына па творчасці дзіцячых пісьменнікаў.
***
У нядзелю, 7 студзеня, работнікі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы разам з удзельнікамі фальклорнага калектыву “Вясёлая бяседачка” правялі абрад «Каляда». Пераапрануўшыся ў традыцыйныя калядныя персанажы, з песнямі і каляднымі заклікамі яны заходзілі ў госці да аднавяскоўцаў, віншуючы іх са святам. Гэты абрад карыстаецца папулярнасцю, і калядоўшчыкаў заўсёды сустракаюць радасна і ветліва.
Святлана Ганчарова