Каб усходы былі дружнымі, а ўраджай багатым

Лента новостей

Калі да сапраўднай пасяўной кампаніі на палях гаспадарак застаецца яшчэ некалькі добрых тыдняў, дык “хатняя” пасяўная ў разнастайных скрынках, баначках, вазонах пачалася ўжо даўно. Перцы на расаду людзі звычайна сеюць яшчэ ў лютым, у пачатку сакавіка – памідоры і шмат чаго іншага, каб з надыходам цёплых дзён як мага хутчэй высадзіць расаду і атрымаць вітамінную прадукцыю. Хтосьці пры гэтым карыстаецца сваім насеннем, клапатліва нарыхтаваным у папярэднім сезоне. Але большасць з нас імкнецца набыць насенне самых разнастайных культур у гандлёвых кропках. Добра, што сёння чалавеку не даводзіцца задумвацца над тым, дзе купіць патрэбнае насенне. Спецыяльныя вітрыны ёсць у многіх прадуктовых магазінах, у паштовых аддзяленнях і ў індывідуальных прадпрымальнікаў. Некаторыя застаюцца вернымі традыцыйным сартам буракоў, морквы, цыбулі, агуркоў. Іншыя спрабуюць пасеяць штосьці новае, невядомае да гэтага. Таму што выбар сёння вялізны. А мне ўзгадалася ў гэтай сувязі, як некалькі дзесяткаў гадоў таму насенне прадавалі толькі ў адным месцы ў райцэнтры. Расфасавана яно было найчасцей у шэрыя непрыглядныя пакецікі з ледзь прыкметнымі надпісамі на іх. Ды і купіць трэба было спяшацца, бо доўга не прадавалі і тое, што было.
Мабыць, не памылюся, калі скажу, што найбольш папулярным месцам для набыцця насення, а крыху пазней і расады, у нас з’яўляецца рынак. Тут ёсць некалькі кропак, дзе прадаецца такі вельмі патрэбны людзям тавар. На днях я наведаў адну з іх – павільён “Восторг”, які належыць індывідуальнаму прадпрымальніку Л.Д.Некала. Уразіў вельмі шырокі выбар насення агародніны, кветак. Людміла Дзмітрыеўна паведаміла, што яны супрацоўнічаюць з ААТ “МінскСортНасенАгародніна” на падставе дагавора. Кожны месяц абнаўляюць асартымент. І на кожны від насення яны атрымліваюць сертыфікат якасці і сертыфікат на ўсходжасць. Цэны на ўсё тут, на мой погляд, таксама даступныя. Большасць гатункаў морквы каштуе па 800 рублёў за пакецік, ёсць некалькі даражэйшых – па 1100 — 1200 рублёў, насенне агуркоў прадаецца найбольш у межах ад 800 да 1200 рублёў за пакет, па 700 – 800 рублёў каштуюць у сярэднім розныя салаты, буракі, радыска, кабачкі. Ёсць у павільёне ў продажы і тры галандскія гатункі цыбулі-сяўка. Сярод іх і вельмі папулярны ў многіх агароднікаў – Штутгартэр Рызэн. У бліжэйшы час, як паведаміла Л.Д.Некала, будуць завезены яшчэ і клубневыя кветкі.
Зручна пакупнікам і тое, што разам з насеннем тут можна набыць грунт для падкормкі або высадкі расады, розныя мінеральныя ўгнаенні, падкормкі. Багаты выбар у павільёне самых разнастайных вазонаў для кветак, можна купіць таксама некаторыя прылады працы для сада і агарода. Карацей кажучы, можна знайсці ўсё неабходнае, для таго,каб сустрэць надыход вясны, як некалі любілі гаварыць у сродках масавай інфармацыі, “ударнай працай”. Бо большасць з нас, хто мае хоць невялікі кавалачак зямлі, інакш сваё існаванне не ўяўляе.
Сяргей ХІЛЮТА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *