Пад такой назвай 21 верасня ў Масалянскім яслях-садзе-базавай школе прайшло свята, прысвечанае Міжнароднаму дню міру. Дэвізам яго стала выказванне “Мір на планеце – шчаслівыя дзеці”.
Гэтае свята не самае вясёлае ў школьным календары, але вельмі важнае для ўсведамлення нашай адказнасці ў справе захавання міру на нашай планеце, гонару за тое, што амаль 70 гадоў мы жывём у мірнай краіне і не ведаем жахаў вайны.
Вучні 1-9 класаў пазнаёміліся з гісторыяй, сімваламі, традыцыямі святкавання Дня міру. Нікога не аставілі раўнадушнымі гісторыі лёсу трох дзяўчынак: Тані Савічавай (ахвяры голаду, перанесенага ў блакадным Ленінградзе), Сасакі Садакі (японскай дзяўчынкі, ахвяры наступстваў атамнай бамбардзіроўкі Херасімы) і Саманты Сміт (маленькай пасланніцы міру з ЗША). Вучні чыталі вершы і слухалі песні аб міры, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць усіх дзяцей — ахвяр сучасных войн і тэрарызму. А закончылася свята калектыўнай творчай справай – стварэннем плаката-лозунга. З каляровай паперы дзеці выразалі літары дэвіза Дня міру і контуры сваіх далоней, з белай паперы сімвалічных белых галубоў, на крылах якіх напісалі свае пажаданні ўсім дзецям свету: “Хай заўсёды будзе мір!”, “Хай ніколі не будзе войнаў!”, “Хай заўсёды будзе МАМА!”, “Хай ва ўсіх дзяцей планеты будуць цацкі і ежа!” і інш. Пасля на вялікім лісце паперы, расфарбаваным у тон блакітнага неба, прыклейвалі свае далонькі, а на іх — белых галубоў – пасланцаў міру. Хочацца спадзявацца, што гэтыя галубы абавязкова прынясуць МІР ДЗЕЦЯМ МІРУ!
Алена Курчыцкая,
класны кіраўнік 7 класа