У раёне нямала людзей, якія здаюць малако. Апошняе павышэнне закупачных цэн па Гродзенскай вобласці склала 7 працэнтаў ад дзеючай раней цаны. На тэрыторыі Канюхоўскага сельсавета, напрыклад, здаюць малако 90 гаспадароў ад 117 кароў. За 4 месяцы гэтага года яны здалі 103 тоны 517 кілаграмаў сыравіны ў заліковай вазе. Найбольш здалі Рамуальд Кабылянскі – 7631 кілаграм ад пяці кароў, Юрый Гуш – 3697 кілаграмаў ад дзвюх кароў, Казімір Рудой – 2835 кілаграмаў ад трох рагуль у заліковай вазе. Малаказдатчыкам бясплатна СВК “Макараўцы” выдзяляе сена.
Як паведаміў ветурач – эпізаатолаг Бераставіцкай райветстанцыі Пётр Вета, да сыравіны зараз прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні і гэта апраўдана. Кожны малаказдатчык павінен строга захоўваць “Ветэрынарна-санітарныя правілы для малочнатаварных ферм сельгаскааператываў, асабістых падсобных гаспадарак і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак па вытворчасці малака”.
Пры любым захворванні каровы здаваць ад яе малако нельга. Хворую жывёлу абавязкова павінен агледзець спецыяліст і лячыць яе. Ён павінен устанавіць тэрмін пасля выздараўлення, праз які можна здаваць сыравіну. Ветэрынарныя прэпараты выводзяцца з арганізма праз пэўны час. Тэрміны трэба захоўваць, каб у малако не трапілі рэшткі лекаў.
Малако з асобных чвэрцяў вымя, калі карова хворая на мастыт, трэба знішчаць пасля кіпячэння, бо там захоўваецца ўзбуджальнік. А малако з іншых частак трэба кіпяціць не менш за 20 секунд і тады яго можна аддаваць маладняку сельгасжывёлы. Гэта датычыцца і мастытных кароў, якіх лячылі.
Нельга здаваць сыравіну ад рагуль на працягу першых сямі дзён пасля ацёлу і сямі дзён да заканчэння лактацыі. Такое малако таксама ідзе на корм жывёле.
Дзяржаўнай ветслужбай і ветслужбай сельгаскааператываў кожны год арганізуюцца праверкі буйной рагатай жывёлы ў насельніцтва і ў гаспадарках на лейкоз, бруцэлёз і туберкулёз. Калі такая праверка не пройдзена, малако здаваць нельга.
Асаблівую ўвагу кожная гаспадыня павінна звяртаць на гігіену. Першыя пырскі малака здойваюцца ў асобны кубак. Посуд для сыравіны не прымяняецца для іншых патрэб. Малако з розных доек не павінна змешвацца. Яго працэджваюць праз цадзілкі са спецыяльным фільтрам з фланельнай або лаўсанавай тканіны, а марля павінна складвацца ў 4 — 6 столак. Прамежак паміж даеннем і ахалоджваннем не павінен быць большым, чым 20 мінут. Працягласць захавання ахалоджанага малака пры 6 градусах — 18 гадзін, пры 8 градусах – 12 гадзін. Захоўваць і здаваць сыравіну трэба ў закрытым посудзе.
Перад даеннем трэба вымыць рукі з мылам. А калі на руках ёсць гнайнікі ці ранкі з запаленнем, неабходна даіць карову ў пальчатках.
Ніна Наддэ