З якімі праблемамі сутыкаюцца маладыя спецыялісты?

Лента новостей

Прайшло некалькі месяцаў, як выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў прыступілі да працы. Маладыя спецыялісты ўжо крыху адаптаваліся на сваіх першых працоўных месцах і ўключыліся ў прафесійную дзейнасць.
З якімі праблемамі давялося сутыкнуцца маладым людзям на новым месцы? – з гэтым пытаннем я звярнулася да некаторых маладых спецыялістаў, якія пачалі працаваць у нашым раёне.

Кацярына Пяцюшык, загадчыца Эйсмантаўскай бальніцы сястрынскага догляду:
— Самае складанае ў плане працы – правільнае вядзенне дакументацыі, афармленне загадаў і іншай дакументацыі – гэтаму мне давялося вучыцца на месцы. Праўда, без падтрымкі калегі не пакінулі, прыязджалі і галоўны ўрач, і галоўная медыцынская сястра ЦРБ, аказвалі кансультацыі.
Вельмі ўдзячна і за тое, што адразу дапамаглі з жыллём, знайшлі кватэру.
Адзінае, што засмучае – правесці вольны час у Вялікіх Эйсмантах практычна няма дзе, таму на кожныя выхадныя езджу дамоў у Гродна.

Вераніка Кучынская, настаўнік грамадазнаўства і педагог сацыяльны Вялікабераставіцкай СШ:
— Я вярнулася на працу у свае родныя мясціны, пражываю з бацькамі, таму бытавых праблем, з якімі сутыкаюцца іншыя маладыя спецыялісты, у мяне няма.
Цяжкасці ўзнікаюць толькі на працы: складана асвоіцца з усімі нюансамі прафесіі, разабрацца з вялікім аб’ёмам работы настаўніка — прадметніка, а тым больш і педагога сацыяльнага. Дзякуй калегам, дапамагаюць і заўсёды падтрымліваюць. Хацелася б мець больш вольнага часу, але пакуль што яго катастрафічна не хапае.

Канстанцін Ярашук, харэограф раённага Дома культуры:
— Першая праблема, з якой сутыкнуўся на новым месцы – гэта цяжкасць з атрыманнем жылля ў Вялікай Бераставіцы.
На шчасце, яна ўжо вырашана: атрымаў пакой у інтэрнаце ў Бераставіцкім ліцэі. А ў цэлым праца падабаецца, адносіны адміністрацыі да маладых спецыялістаў добрыя, атмасфера ў калектыве выдатная.
Многія маладыя людзі скардзяцца, што няма куды выйсці адпачыць у Вялікай Бераставіцы, вядома, гэта праблема, але мы яе вырашаем на сваім узроўні: сваім калектывам арганізуем невялікія мерапрыемствы, святкуем разам дні нараджэння.

Кацярына Ульянава, настаўнік фізічнай культуры Пархімаўскай БШ:
— Я трапіла ў добры калектыў, таму асаблівых цяжкасцяў на першым працоўным месцы не адчуваю. Складана толькі, што адразу далі класнае кіраўніцтва, таму што настаўнікаў у школе нямнога. Даводзіцца яшчэ і самой многаму вучыцца і несці адказнасць за сваіх выхаванцаў. Ну і, вядома, афармленне і вядзенне дакументацыі таксама адымае шмат часу.
Жыву я з бацькамі ў Малой Бераставіцы, таму бытавыя праблемы мяне асабліва пакуль не хвалююць.

Кірыл Кірыла, ветфельчар СВК “Макараўцы”:
— Я прыехаў на працу ўжо ў знаёмае мне месца: у СВК “Макараўцы” я праходзіў практыку. Таму мне было лягчэй адаптавацца: людзі знаёмыя, спецыфіку працы таксама ведаў, у Ваўкавыскім аграрным каледжы атрымаў добрую тэарэтычную базу, цяпер рэалізую яе на сваім працоўным месцы.
У гаспадарцы мяне як маладога спецыяліста забяспечылі жыллём, умовы працы таксама задавальняюць.
Адзінае, чаго не хапае, – гэта месцаў для адпачынку ў вольны час. Пайсці няма куды, вось таму і застаецца праводзіць свой вольны час дома, часцей за ўсё – за камп’ютарам.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *