З Уваскрэсеннем Хрыстовым!

Лента новостей

5489Дарагія  браты і сестры!
У гэтае светлае і выратавальнае свята Уваскрэсення Гасподняга сардэчна вітаем усіх вас натхнёнымі і заўсёды нязменнымі вялікімі словамі пасхальнага дабравесця: «Хрыстос Уваскрос!- Сапраўды Хрыстос уваскрос!»
Пасха – гэта не проста свята. Гэта – сутнасць хрысціян­ства. Якою свабодай і якою бясстрашнасцю надзяліў Збаві­цель хрысціянаў! Якую магутнасць усяляе Ён у душы Сваіх паслядоўнікаў! Мы не сіроты ў гэтым свеце. З намі – Айцец Нябесны! Няхай прыгнятаюць нас штодзённыя клопаты і турботы, няхай пануюць на зямлі хваробы, гора і нястачы, няхай лютуе «князь свету гэтага» – з намі Гасподзь Усемагутны!
Мы жывём у свеце, які адрокся ад Бога і заняты толькі самім сабою. І амаль няма месца ў ім любові Божай, Божаму святлу. Але вось у гэты дзень мы гаворым самі сабе, і гаворым свету, і сведчым: не памерла, не загінула, не знікла, не адышло ў нябыт Царства Хрыстова.
Хрыстос уваскрос для таго, каб гэтае пасхальнае лікаванне было бясконцым не толькі ў нашым зямным, але і ў будучым жыцці.
Уваскрэсенне ў любові Божай – вось мэта, вось найвышэйшы сэнс чалавечага жыцця.
У светлы дзень Пасхі Гасподняй жадаем усім вам найвялікшай радасці – узаемнай любові і яднання ў Хрысце, Які перамог смерць і ўваскрос. Няхай Уваскрэслы Збавіцель удыхне і ў нашы душы цвёрды намер прытрымлівацца Яго запаведзяў. Будзем дзяліцца адзін з адным радасцю цяперашняй урачыстасці! Сагрэем цяплом сэрцы тых, хто сёння пакутуе і церпіць нязгоды. Будзем выконваць наш хрысціянскі абавязак служэння блізкім, вучыць і выхоўваць нашых дзяцей на прыкладах евангельскай ісціны. З Пасхаю Гасподняй вас, права­слаўныя!
Святары Бераставіцкага благачыння



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *