Нядаўна свой 70-гадовы юбілей адзначыў Мікалай Пацэнка, чалавек якога добра ведаюць многія жыхары не толькі Вялікай Бераставіцы, але і ўсяго раёна. Я асабіста пазнаёміўся з Мікалаем Іванавічам больш за 25 гадоў назад. І кожны раз пасля сустрэчы з ім застаецца прыемнае ўражанне ў душы, і не толькі ад таго, што часта твой субяседнік – гэта твой аднадумца, а таму што ён чалавек творчы, неабыякавы да таго, што адбываецца вакол. Пра такіх звычайна кажуць: “Ён чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі”. І гэты трапны выраз, мабыць, найлепш характэрызуе Мікалая Іванавіча.
У свой час мне давялося прысутнічаць на многіх мерапрыемствах, такіх, напрыклад, як святы вёсак, якія ён не толькі рыхтаваў – быў аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам-пастаноўшчыкам, але і вядучым на сцэне. Яго каларытная жывая мова нікога не пакідала раўнадушным. Многія фрагменты яго сцэнарыяў выкарыстоўваліся падчас падрыхтоўкі і правядзяння свята 500-годдзя Вялікай Бераставіцы. Яшчэ большую вядомасць прынесла яму праца над кнігай “Памяць”, якую шырока выкарыстоўваюць сёння, як у вучэбным працэсе ў школах, так і для асабістага пашырэння кругагляду. У свой час ён дабіўся прысваення раённай бібліятэцы імя Кавалеўскага, многа працаваў над канцэпцыяй стварэння музея і тэматыка-экспазіцыйным планам яго афармлення.
— Мікалай Іванавіч, наколькі ведаю, найбольш значныя вехі ў Вашым жыцці звязаны з творчым працэсам. А менавіта з чаго ўсё пачалося?
— Я не канчаў ні тэатральнага інстытута, ні факультэта журналістыкі. Але быў і там, і там…
З трэцяга класа ўдзельнічаў ужо ў школьнай самадзейнасці, а з 9-га – і ў калгаснай. Вось выступалі мы раз падчас конкурсу на раённай сцэне, а мясцовы журналіст і пахваліў мяне за выкананне ролі ў “Паўлінцы”. І загарэлася ў мяне жаданне стаць артыстам (аб гэтым саромлюся нават успамінаць).
Адначасова фарміравалася і другое жаданне: стаць журналістам. Ужо з 5-га класа мае заметкі друкаваліся ў піянерскіх газетах, пазней у газетах “Знамя юности”, “Чырвоная змена”, раённай газеце і “Гродзенскай праўдзе”. У 10 класе друкаваліся нават ужо і нарысы, дасылаў і апавяданні. Словам, марыў і пра журналістыку. І вагаў, што выбраць?
— Якое пачуццё ў Вас выклікалі першыя публікацыі ў газетах?
— Канечне, скажу шчыра, гэта неперадаваемае пачуццё ўпершыню ўбачыць сваё прозвішча ў газеце, набранае буйным шрыфтам пад газетнымі заметкамі. Нешта ад таго дзіцяча-наіўнага ў мяне засталося на ўсё жыццё.
— Чым яшчэ захапляліся ў школьныя гады?
— Я вучыўся ў Гудзевіцкай школе суседняга Мастоўскага раёна. Наш настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Мікалаевіч Белакоз загарэўся ідэяй зрабіць у школе музей і пачаў работу па збору экспанатаў для будучага музея. Падключыў да гэтай справы ён і нас, вучняў. Мы заглядвалі ў куфэркі не толькі сваіх бабуль, але хадзілі па хатах навакольных вёсак. У Гудзевіцкім музеі яшчэ нядаўна былі і мае экспанаты, а цяпер там ідзе перабудова экспазіцыі.
— Вы казалі пра два жаданні. Дык, кім жа ўсё-такі вырашылі стаць пасля школы?
— Мне даслалі з тэатральнага інстытута ўмовы прыёму абітурыентаў. Аказалася, на маю радасць, туды экзамены здавалі з 15 ліпеня, а ў астатнія ВНУ — з 1 жніўня. Я і вырашыў рызыкнуць. Шчыра скажу, мае бацькі неяк не ўнікалі ў мой выбар, даверыліся мне. Праўда, мая мама (яна родам з Пяскоў, што каля Алекшыц), была жанчына вельмі набожная і ўсё да 9-га класа ўгаворвала мяне паступаць у Жыровіцкую семінарыю, але потым зразумела, што я не паддамся на яе ўгаворы. Дык вось, 15 ліпеня я ўжо быў у Мінску (са шматлікімі прыгодамі) і здаваў першыя два экзамены па спецыяльнасці. Першы дзень – дэкламацыя прозы, верша і байкі. Здаў гэта няблага, бо ўжо ў першы дзень многія адсеяліся: конкурс быў 20 чалавек на месца. На другі дзень у абітурыентаў правяралі музычныя дадзеныя – у мяне, аказалася, адсутнічае музычны слых, а артыст без яго – што фурманка без колаў. Назаўтра я панёс дакументы ва ўніверсітэт імя Леніна на філалагічны факультэт на аддзяленне журналістыкі (ужо праз 10 гадоў аддзяленне было рэарганізавана ў факультэт журналістыкі). Але тут – як у Багушэвіча — “асадзі назад”. Аказваецца, на журналістыку і юрыспрудэнцыю прымалі толькі з двума гадамі працоўнага стажу або дэмабілізаваных з арміі. Не дапамаглі мне і шматлікія выразкі і рэкамендацыі з газет. Тут я ўжо быў у сапраўднай роспачы. Гэта заўважылі члены прыёмнай камісіі аддзялення журналістыкі і накіравалі мяне да камісіі беларуска-рускага аддзялення.
Высокі хударлявы чалавек з пышнай шавялюрай (як потым аказалася – гэта быў Ніл Гілевіч) уважліва паглядзеў мой атэстат (там было толькі тры чацверкі). Палістаў мае выразкі з газет, праглядзеў пісьмы пісьменнікаў Хведара Жычкі і Васіля Быкава з рэцэнзіямі на мае ненадрукаваныя апавяданні, параіў мне паступаць на беларускае аддзяленне. Дарэчы, ён і Алег Лойка, прымалі ў мяне экзамен па беларускай літаратуры (пісьмова і вусна).
Так я ў жніўні 1961 года стаў студэнтам філфака БДУ імя Леніна. На другім і на трэцім курсах з дазволу дэканата наведваў лекцыі па спецпрадметах на вячэрнім аддзяленні журналістыкі. На большае не хапіла сіл.
— Вам напэўна давялося сустракацца з многімі пісьменнікамі. Якія з сустрэч больш запомніліся вам?
— Пачну з таго, што мне давялося вучыцца разам з цяпер вядомымі пісьменнікамі В. Іпатавай, К. Камейшам, М. Маляўкам. Добра памятаю свае сустрэчы ў Мінску з Янкам Брылём, Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным, Іванам Шамякіным, Максімам Танкам, у Навагрудку – з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Высоцкім, у Гродне – з Аляксеем Карпюком. Мне пашчасціла некалькі разоў спаткацца і размаўляць з Васілём Быкавым. Яшчэ ў дзясятым класе пісьменнік прыслаў мне ліст з рэцэнзіяй на мой верш, дасланы ў “Гродзенскую праўду”. Калі быў на трэцім курсе, я ўжо напісаў рэцэнзію для “Чырвонай змены” на яго апавяданне. Хаця маю рэцэнзію і не надрукавалі, але яе, напэўна, пераслалі Быкаву, бо неўзабаве я атрымаў ад яго ліст. А восенню 1966 года я запрашаў пісьменніка на сустрэчу з вучнямі Квасоўскай СШ (Гродзенскі раён), дзе я працаваў настаўнікам. Некалькі разоў ездзіў у рэдакцыю “Гродзенскай праўды”, дзе працаваў пісьменнік, а ён усё не пагаджаўся. У яго тады быў складаны перыяд у творчым жыцці.
Але падчас апошняга прыезду мяне падтрымаў гродзенскі пісьменнік Аляксей Карпюк: “Выедзь, Васіль, да людзей, развейся крыху. І я б з табой паехаў, але ў мяне камандзіроўка ў Польшчу”. І Быкаў усё–такі прыехаў.
Сустракаліся мы з Васілём Быкавым і ў ліпені 1977 года на Бераставіччыне. Гасціла тады дэлегацыя пісьменнікаў у нашым раёне некалькі дзён. Мне, як супрацоўніку раённай газеты, пашчаслівілася суправаджаць яе. Нагаварыліся мы тады ўволю, тым больш што В.Быкаў і Р.Барадулін не любілі нашы багатыя вячэры. За тыя дні я амаль увесь агульны сшытак запісаў сваімі ўражаннямі (вяду дзённік з дзясятага класа).
— Вы ўжо на пенсіі некалькі месяцаў, не надакучыла сядзець дома? Чым мяркуеце займацца далей?
— Працаваць над “Летапіснай хронікай Бераставіччыны”. З дапамогай аднадумцаў яе ўжо падрыхтавана шэсць тамоў. Апрацоўваю шматлікія архіўныя матэрыялы, запісы, якія займаюць некалькі сшыткаў. Даю імі карыстацца і іншым. Раю вам пачытаць кнігу – дэтэктыў С. Антановіча “Чёрный омут Немана”. Падзеі там адбываюцца на Бераставіччыне ў двух часавых вымярэннях – у 1990-ыя гады і паралельна — у 1863-64 гады. Дык вось, гістарычныя дакументы часоў паўстання Кастуся Каліноўскага мінскаму пісьменніку пераслаў я. Канешне, ён па-мастацку апрацаваў іх. Думаю, прадоўжу заняткі грамадскай дзейнасцю – я з’яўляюся лектарам таварыства “Веды” і кіраўніком раённай арганізацыі, дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, намеснікам старшыні раённага савета ветэранаў. А наконт некалькіх маіх “пенсійных” месяцаў – то я, напэўна, ні дня не сядзеў дома, ці быў без работы. Як некалі ў песнях спявалася: “…я в дороге, я в пути” і “главное, ребята, сердцем не стареть”.
Гутарыў Сяргей Хілюта