З Нараджэннем Хрыстовым!

Лента новостей

konkurs-rozhdestvo-christovoЯ – шлях, і ісціна, і жыццё: ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як праз Мяне”(Ін. 14: 6)

Дзве тысячы гадоў аддзяляюць нас ад той святой віфлеемскай ночы, што абвясціла свету таямніцу Богаўцялеснення. Мінула шмат часу. Колькі за гэтыя гады паўставала і знікала магутных імперый, колькі ў свеце было знакамітых людзей – і ўсе яны зніклі без следу. Якія толькі не страсалі свет катаклізмы – і духоўныя, і сацыяльныя, і палітычныя – і ўсё гэта мінула, а Хрыс­тос – ня­зменны і вечны. Час і прастора не маюць над Ім улады: Хрыстос зноў і зноў уваходзіць у наша жыццё. У гэтыя дні мы ўзгадваем, як Сын Божы прыйшоў да людзей, каб кожны з нас мог далучыцца да Яго. І таму свята Нараджэння Хрыстова заўсёды прыносіць нам асаблівае пачуццё радасці і надзеі. Паўната гэтых пачуццяў раскры­ваецца ў Царкве, бо яна застаецца сёння захавальніцай сапраўдных ведаў пра свет і чалавека, пра дабро і зло, пра вечнасць і пра Бога. І яна як раней, так і цяпер указвае чалавецтву адзіны, сапраўдны сэнс жыцця і яго мэту – той шлях, якім пайшлі аднойчы пастухі і валхвы, што віталі Народжанага Збавіцеля: шлях пакланення Хрысту, шлях імкнення да Яго ў святле Віфлеемскай зоркі. Яна і сёння нябачна ззяе над светам, заклікаючы ўсе народы і кожнага чалавека звярнуць свой позірк да нябёсаў.
Бог таямніцу Свайго ўцялеснення адкрыў самым простым люд­зям – пастухам, якія пасвілі свае статкі на палях вакол Віфлеема. Чаму? Таму што ў тую ноч гэтыя людзі не спалі і былі бадзёрыя. Гэта значыць, што яны не проста знаходзіліся ў стане фізічнай нядрэмнасці. Яны нібы апрытомнелі ад грахоўнага сну, жылі з глыбокім пачуццём прысутнасці Бога ў іх жыцці, чакалі прышэсце Госпада і былі падрыхтаваныя да яго.
У гэтых словах заклік да ўсіх хрысціян. Будзьце бадзёрымі! Не пагаджайцеся з нібыта ўяўнай прысутнасцю Бога ў нашым жыцці і Яго аддаленасцю ад нас. Азірніцеся вакол. Магчыма, ад нас за­лежыць тое, што мы так жадаем змяніць у гэтым свеце. Бог абавяз­кова дапаможа нам.
Толькі бадзёрае і мужнае сэрца можа натхніць на тое, каб адправіцца ў шлях на пошукі Бога, Які маленькім дзіцяткам ля­жыць у яслях. Няўжо да сустрэчы Богадзіцяці не здолеем мы прыгатаваць свае душы, і яны застануцца падобнымі да пячо­раў – цёмнымі, бруднымі халоднымі? Не дай Бог, каб здарылася тое з намі! Хай кожны вымя­це прэч з душы сваёй калючае смецце граху, запаліць свечку веры і лампаду надзеі, сагрэе свой унутраны свет святою любоўю – і ўпрыгожыцца храм душы хрысціянскай, у якім павінен нарадзіцца Сын Божы, Гасподзь і Збавіцель наш!
Дарагія браты і сестры!
Ад усяго сэрца, з пачуццём глыбокай духоўнай радасці віншуем усіх вас з цудоўным святам – з Нараджэннем па плоці Госпада Бога і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста! Няхай народжаны Хрыстос Збавіцель умацуе нашу веру. Няхай дасць нам Гасподзь смеласць быць Яго паслядоўнікамі і сведкамі ісціны Божай. Няхай заўсёды ў душы нашай будзе благадаць Бога, Які дзеля нас і нашага збаўлення сышоў з нябёс, уцялесніўся і стаў чалавекам, а сэрца наша стане прастолам, на якім вечна будзе панаваць Збавіцель Хрыстос! Амінь.
Святары
Бераставіцкай акругі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *