З нагоды Дня беларускага пісьменства ў Канюхоўскім яслях-садзе – сярэдняй школе адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы

Лента новостей

Resize of IMG_6647 Resize of IMG_6658Штогод у першую нядзелю верасня на Беларусі адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. З гэтай нагоды 2 і 3 верасня ў Канюхоўскім яслях-садзе – сярэдняй школе адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы.
Сваім узнікненнем беларускае кнігадрукаванне абавязана беларускаму і ўсходнеславянскаму першадрукару Францыску Скарыну. У наступным годзе будзе адзначацца 500-годдзе з дня выхаду ў свет першай друкаванай кнігі. Безумоўна, за пяць стагоддзяў беларускае пісьменства “стваралі” сотні асветнікаў, літаратараў, мовазнаўцаў. Кожны беларускі горад можа пахваліцца такімі людзьмі. Таму свята Дня беларускага пісьменства крочыць па Беларусі і штогод прымае гасцей у розных гарадах.
Наш вусны часопіс “Рагачоў­шчына – славуты край” расказаў пра горад, у які завітала свята ў першую вераснёўскую нядзелю – Рагачоў.
Вучні ІХ-ХІ класаў адказна аднесліся да падрыхтоўкі мерапрыемства. Класы былі падзелены на чатыры групы: журналісты, гісторыкі, архітэктары і літаратуразнаўцы. Кожная група пад кіраўніцтвам настаўніка падбірала інфармацыю, фота- і відэаматэрыялы, рыхтавала мультымедыйную прэзентацыю. Гартаючы старонкі часопіса, вучні знаёміліся з гістарычнымі, архітэктурнымі і літаратурнымі звесткамі пра Рагачоў. Журналісты расказалі пра ўзнікненне свята, гісторыкі пазнаёмілі з версіямі паходжання назвы горада і гісторыяй яго ўзнікнення. Архітэктары падрыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю пра гісторыка-культурныя каштоўнасці Рагачова.
На літаратурнай карце рагачоў­скай зямлі – дзясяткі вядомых імён паэтаў і празаікаў: Міхась Лынькоў і яго брат паэт Рыгор Суніца, Уладзімір Караткевіч, Андрэй Макаёнак, Анатоль Вярцінскі, Алена Васілевіч і многія іншыя. Літаратары расказалі пра старонкі жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча і Андрэя Макаёнка, якія цесна звязаны з гэтым кутком. Відавочна, што Рагачоў – выдатная пляцоўка для правядзення Дня беларускага пісьменства 2016 года.
У суботу, 3 верасня, вучні V класа здзейснілі завочнае падарожжа “Святло друкаванага слова”. Пяцікласнікі прасачылі шлях развіцця пісьменства ад вузялковага пісьма да з’яўлення паперы, паглыбілі свае веды пра станаўленне кнігадрукавання ў Беларусі і паслядоўнікаў Францыска Скарыны. “На чым пісалі людзі ў старажытнасці?”, “Калі з’явілася першая друкаваная кніга?”, “Хто быў стваральнікам славянскай азбукі?” – на гэтыя і іншыя пытанні змаглі даць адказ пяцікласнікі напрыканцы падарожжа.
Што такое наша спадчына? Гэта рукапiсы i храмы, кнiгi i абразы, словы i рэчы – у iх сэнс жыцця, знойдзены нашымi продкамi-творцамi. Будзем жа вечна ўдзячныя тым, хто данёс да нас адзiн з найдаражэйшых скарбаў – жывое роднае слова.
Мерапрыемствы садзейнічалі фарміраванню цікавасці да вывучэння гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі.

Алена Кажанеўская, настаўнік беларускай мовы
і літаратуры



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *