
Нарадзіўся Мечыслаў 16 верасня 1888 года ў шматдзетнай сям’і мешчаніна Вацлава Малыніча і Антаніны з роду Мінкевічаў у Вялікай Бераставіцы. Акрамя сына бацькі выхоўвалі ў сваім доме на вуліцы Дольнай (зараз Кастрычніцкая) тры дачкі: Яніну, Тэрэзу і Хелену. Сярод іх вылучаецца старэйшая дачка Яніна (1883-1973), якая актыўна падтрымлівала духоўную дзейнасць брата ў 1952-1965гг. Добрыя ўзаемасувязі мела сям’я Малынічаў з графскім родам Касакоўскіх. Напрыклад, дом Малынічаў у 1939 годзе стаў выратавальным прытулкам для сям’і Ганны Касакоўскай (1910-2000), якая прымусова была выселена з бераставіцкага палаца новай уладай. У лютым 1940 года Ганна пакінула свайго трохмесячнага сына Алекса гувернантцы Тэрэзе Малыніч (1892-1975). А сама разам з двума дзецьмі Марыяй і Міхалам была адпраўлена супрацоўнікамі НКУС у Казахстан “на перавыхаванне”. Маці і сын сустрэліся толькі праз 12 гадоў.

У 1921 годзе ксёндз Мечыслаў распачаў будаўніцтва новага касцёла ў імя Маці Божай Чэнстахоўскай і Св. Казіміра ў Моньках каля Беластока, будынак якога быў асвечаны ў 1931 годзе і дзейнічае па сённяшні дзень.
Пасля вучобы на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта ксёндз Мечыслаў працуе настаяцелем у Высоцку (на Падляшшы) з 1926 па 1930 гады. Далей у анкеце ксёндз піша: “С 1930 по 1935 годы являлся настоятелем костела в Ясеновке около Белостока. С 1935 по 1939 годы был писателем по истории икон костельных в Вильно. С 1939 по 1942 годы – настоятель костела в Порозове около Волковыска. С 1942 по 1944 годы прятался от германского преследования. С 1944 по 1945 годы – заместитель больного настоятеля в Волковыске. С 1945 года – настоятель в Великой Берестовице… В службе Вооруженных сил не был, не обязан. Находился на территории временно оккупированной немцами в 1941 году в Порозове около Волковыска. Домашний адрес мой: Великая Берестовица. Подпись: ксендз М. Малынич. 20 ноября 1945”. У канцы анкеты прыпіска Упаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў СМ БССР па Гродзенскай вобласці П.В. Чыжа: “ 29. ХІІ. 1945 высланы документы 2-го этапа по регистрации костела. Срок исполнения 1 февраля 1946”.
У гісторыі рэгістрацыі бераставіцкага касцёла Пераўтварэння Божага значная роля належыць ксяндзу Малынічу. Вядома, што пасля заканчэння Другой сусветнай вайны прыхаджане рымска-каталіцкага прыхода Вялікай Бераставіцы звярнуліся ў мясцовы выканкам з прапановай рэгістрацыі іх прыхода. У снежні 1945 года ксёндз Малыніч ад імя сваіх прыхаджан піша заяву Упаўнаважанаму па справах рэлігійных культаў Гродзенскай вобласці П. Чыжу з просьбай зарэгістраваць касцёл і прыход. 30 студзеня 1946 года ксёндз Мечыслаў складае акт агляду будынка касцёла Пераўтварэння Божага разам з членамі камісіі Бераставіцкага выканкама (Жалудоў М., Дарошка У., Леська Ф., Грузін А.). Тым жа днём падпісаны “Дагавор аб абавязках і адказнасці за захаванне касцёла і яго маёмасці”, зроблены ўлік інвентару. І, нарэшце, 31 студзеня 1947 года Савет Міністраў СССР сваім рашэннем за №14 зарэгістраваў рэлігійнае таварыства рымска-каталіцкага культа ў Вялікай Бераставіцы.
За свае ўмелыя арганізатарскія здольнасці ксёндз Малыніч у 1946 годзе накіраваны Віленскім біскупам Яблжыкоўскім у Слуцк і Магілёў аднаўляць рэлігійнае жыццё на ўсходзе Беларусі. Адкрываюцца парафіі ў Слуцку, Бабруйску, Магілёве. Хутка ксёндз стаў на шлях барацьбы з атэістычнай савецкай уладай, якая арыштавала яго ў 1947 годзе за антысавецкую прапаганду падчас выбараў у Вярхоўны Савет БССР. Сем гадоў зняволення правёў М.В. Малыніч у лагеры ў Мардовіі. Адтуль вёў перапіску з членамі касцёльных камітэтаў Магілёва і Бабруйска, абнадзейваў хуткім вяртаннем.

Памёр ксёндз Малыніч 30 сакавіка 1969 года ў Слуцку на 81 годзе жыцця. Пахаваны на каталіцкіх могілках у Вялікай Бераставіцы. У гонар М.В. Малыніча названа вуліца ў Моньках, у новым касцёле Вялікай Бераставіцы ў 2012 годзе да 100-годдзя дзейнасці парафіі адкрыта памятная дошка пробашчаў з яго імем, дзе ксёндз праводзіў службы ў 1945-1946 гг.
Андрэй Втарушын, настаўнік Бераставіцкай ДШМ