Актыўна вядуць корманарыхтоўку ў гэтыя дні земляробы КСУП “Пархімаўцы”. І хоць не вельмі радуе сёлета ўраджайнасць кармавых культур, усё ж запасы паступова папаўняюцца.
Учора корманарыхтоўшчыкі працавалі на кармавым поле, што раскінулася за вёскай Даўбянкі.
— Ураджай шматгадовых траў на гэтым поле неблагі, — гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Дзмітрый Балацун. – Уся зялёная маса адвозіцца на малочнатаварны комплекс у Канчаны, дзе закладваецца зараз сянажная траншэя. Некалькі сянажных траншэй ужо было закладзена раней у Даўбянках і таксама ў Канчанах з першых і другіх укосаў. А калі надвор’е канчаткова нас не падвядзе, думаю, што з улікам сіласу з кукурузы мы будзем мець дастаткова кармоў для грамадскай жывёлагадоўлі.
Зладжаны рабочы рытм на кармавым полі забяспечвалі кормаўборачны камбайн “Ягуар”, дзве адзінкі тэхнікі з граблямі, чатыры – на адвозцы зялёнай масы і адна – на касьбе. За працоўны дзень у такім складзе яны нарыхтоўваюць 450-500 тон сянажнай масы.
Такім чынам, уся трава з 50-гектарнага поля да вечара была скошана і дастаўлена на месца кансервацыі. А наступным днём корманарыхтоўчае звяно чакала яшчэ большае поле пад Верхаўлянамі.
Застаецца дабавіць, што актыўным тэмпам на зялёным жніве ў многім садзейнічае бесперапынная работа кормаўборачнага камбайна. І вось тут добрыя словы ў гаспадарцы давялося пачуць у адрас механізатара Васіля Сяпеева, які стараецца, каб яго магутны “Ягуар” працаваў, як кажуць, на ўсе сто.
Сяргей Хілюта, фота аўтара