Старт святочным мерапрыемствам, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Перамогі, у нашым раёне дала Зорная эстафета “Ад помніка да помніка”, якая вырушыла з райцэнтра 8 мая.
Пасля невялікага мітынгу, які адбыўся ля помніка воіну-вызваліцелю ў Вялікай Бераставіцы, эстафетныя групы былі накіраваны па 6-і розных маршрутах, каб наведаць усе помнікі, памятныя знакі і месцы воінскіх пахаванняў, размешчаныя на тэрыторыі нашага раёна, тым самым сімвалічна аб’ядноўваючы ўсіх жыхароў раёна і ўшаноўваючы памяць загінуўшых у гады самай жорсткай у сучаснай гісторыі вайны.
Удзел у эстафеце прыняла вучнёўская і працоўная моладзь, воіны-пагранічнікі, прадстаўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Сярод удзельнікаў эстафеты былі і воіны-інтэрнацыяналісты, і члены Беларускага саюза афіцэраў.
Адпраўляючы эстафету, старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык павіншаваў усіх з Днём Перамогі і даў наказ аддаць даніну павагі і ўскласці кветкі да кожнага помніка воінам-вызваліцелям. Як сімвал памяці аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, маладыя людзі запалілі ад Вечнага агню лампадкі, каб прывезці іх да ўсіх памятных месцаў і ўшанаваць тых, хто аддаў жыццё за нашу свабоду.
Згодна з распрацаваным графікам, эстафета наведала і прыняла ўдзел ва ўрачыстых мітынгах, якія прайшлі ля кожнага помніка нашага раёна. Пранікнёныя словы ўдзячнасці і павагі прагучалі ў адрас ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, былі прыгаданы імёны загінуўшых, памяць аб іх была ўшанавана мінутай маўчання і ўрачыстымі залпамі, якія давалі воіны-пагранічнікі. На мітынгах прысутнічалі прадстаўнікі сельскіх Саветаў, устаноў адукацыі, арганізацый і сельгаспрадпрыемстваў раёна, жыхары мясцовых вёсак, родныя і блізкія загінушых жыхароў нашага раёна.
Кветкі, вянкі і лампадкі ад ўдзячных нашчадкаў былі ўскладзены да кожнага помніка, а іх у маршруце Зорнай эстафеты налічвалася 30. Выступаючы на мітынгах, удзельнікі Зорнай эстафеты паабяцалі зберагчы мірнае і свабоднае жыццё беларускага народа, якое было заваявана нашымі дзядамі і прадзедамі, і быць годнымі подзвігу салдатаў Вялікай Айчыннай вайны.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара