Зноў на палетках Бераставіччыны бурліць жыццё

Лента новостей

Стабільнасць. У жыцці. У працы. У выніках. Наступае момант, калі яна ўжо і не радуе, тады хочацца перамен. І калі чалавеку часам для кардынальных змен патрэбен нейкі штуршок, то ў сельскай гаспадарцы крыху інакш, бо прырода, як ні круці, нам непадуладная. Тут хочаш не хочаш, а прыходзіцца падладжвацца пад яе графік. Таму, нарэшце, дачакаўшыся такіх жаданых цёплых дзянькоў, адразу вырушаю на палеткі, дзе ўжо аднавіліся сельскагаспадарчыя работы.

Як расказаў галоўны аграном СВП “АграМір” Павел Канеўскі, у гэтым годзе пасевамі кукурузы занята 540 гектараў зямель. На 16 кастрычніка з 400 гектараў, адведзеных пад вырошчванне гэтай культуры на сілас, ужо скошана 259 гектараў. Астатнія 140 гектараў прыпадаюць на зерне, з якіх ужо абмалочана амаль 50.
— План па нарыхтоўцы сіласа мы выканалі, — дадае Павел Іванавіч. – Сельгаспрадпрыемствам ужо закладзена 9400 тон зялёнай масы (неабходна 8700 тон). Кукурузы жа на зерне намалочана звыш 408 тон. Пры гэтым ураджайнасць на сілас складае 405 ц/га, на зерне – каля 100 ц/га, што ў параўнанні з леташнімі паказчыкамі значна вышэй.
Не сакрэт, што правільны выбар гібрыдаў кукурузы для пэўных глебава-кліматычных умоў – першы і вельмі важны крок на шляху да атрымання высокіх ураджаяў. Пры вырошчванні кукурузы на зерне ў сельгаспрадпрыемстве аддаюць перавагу гатункам нямецкай селекцыі – “стэсі”, “раналдзіньё”, “карыфей” – імі засеяна прыкладна 85 працэнтаў плошчаў зямель, адзведзеных для гэтых мэт. Не саступаюць па якасці і такія гатункі беларускай селекцыі, як “палтава”, “палескі 212 СВ”. Усе яны характарызуюцца інтэнсіўным стартавым ростам, устойлівасцю да халадоў, засухі, а таксама максімальна хуткай аддачай вільгаці пачаткам пры паспяванні. Яшчэ адным немалаважным крытэрыем пры адборы гатункаў, па словах Паўла Іванавіча, з’яўляецца вызначэнне групы спеласці гібрыдаў.
Пазаўчора, у дзень майго візіту на палеткі надвор’е, як кажуць, шаптала. Думаецца, што і працаваць у такіх умовах адно задавальненне, ва ўсякім разе для мяне гэта так. Удвая прыемна, калі цябе сустракаюць з лагоднай і шчырай усмешкай. Менавіта так было і ў гэты раз. Зладжана на ўборцы кукурузы на зерне працуе экіпаж у складзе камбайнера Сяргея Томары і яго памочніка Арцёма Лыча. У адрозненне ад свайго маладога калегі ў сельгаспрадпрыемстве Сяргей Іштванавіч працуе з 2003 года і ўжо шосты год запар заняты на ўборцы кукурузы. Гэты дружны тандэм на камбайне “Лексіён-560” намалочвае ў дзень звыш 120 тон зерня.
Зразумела, што адзін сонечны дзень восені не падсушыць пачаткі да неабходнай вільготнасці, таму наступны этап ва ўсім гэтым працэсе – сушка. Сабраныя з палеткаў залатыя зярняты адпраўляюцца на зернесушыльны комплекс, што ў Вялікай Бераставіцы. Тут пад наглядам аператараў сушыльных установак Андрэя Шацілоўскага і Сяргея Крывені зерне сушыцца да аптымальнай вільготнасці 12 працэнтаў.
Апошняя, але не менш адказная стадыя ў тэхналагічным працэсе пасляўборачнай абработкі зерня – захоўванне. Пасля сушкі гатовае фуражнае зерне захоўваецца ў складах. Некаторы працэнт зерня, прыкладна 400 тон, будзе закладзены ў палімерны рукаў з дабаўленнем кансерванту, які дазволіць паскорыць працэс “прыгатавання” корму.
Увогуле, калі ўборка кукурузы на сілас у сельгаспрадпрыемстве ўжо падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння, то з уборкай на зерне тут плануюць справіцца да першага лістапада.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *