СВК “Алекшыцы” вызначаецца сярод гаспадарак раёна стабільнай работай. Напрыклад, ён у лідарах па выручцы ад рэалізацыі прадукцыі, займае трэцяе месца пасля СВК “Цецяроўка” і СВК імя Варанецкага. За 11 месяцаў мінулага года гэты паказчык дасягнуў у СВК “Алекшыцы” 18 мільярдаў 774 мільёнаў рублёў.
На абароне мерапрыемстваў, якая прайшла нядаўна ў СВК “Алекшыцы” ў форме канструктыўнага дыялогу спецыялістаў і членаў раённай камісіі, быў зроблены грунтоўны аналіз работы па ўсіх напрамках і вызначана стратэгія далейшага развіцця гаспадаркі .
Каб выканаць заданне на пяцігодку — падвоіць вытворчасць валавой прадукцыі, а таксама забяспечыць яе рост (12%) у гэтым годзе, трэба інтэнсіўна выкарыстоўваць рэзервы і строга захоўваць тэхналогіі.
— Паспрабуйце адзін раз не падаіць карову. Што будзе? – прывёў у час гутаркі яскравы прыклад старшыня СВК “Алекшыцы” Валерый Эдуардавіч Паўлюкевіч. — Так і ў іншых галінах. Адна дробязь, адна нядбайнасць, недагляд могуць прывесці да значных страт. Неабходна тэхналагічнае выкананне кожнага віду работ.
Леташняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых у вазе пасля дапрацоўкі ў СВК “Алекшыцы” была 54,7 цэнтнера з гектара, кукурузы — 75,4. Гэта вышэй, чым у многіх гаспадарках вобласці і рэспублікі, але рэальныя шляхі яе павышэння і атрымання лепшай аддачы ёсць. У раслінаводстве трэба надаць увагу выкарыстанню няворанай глебы, унясенню аптымальнай колькасці арганічных і мінеральных угнаенняў, апрацоўцы раслін ад захворванняў і шкоднікаў, своечасоваму і дакладнаму выкананню работ. Рэнтабельнасць збожжа ў мінулым годзе была каля 5,4%, рапсу – 69%. Не дала высокай ураджайнасці традыцыйная і выгадная культура – бульба. Вырашана ў гэтым годзе больш надаваць ёй увагі і зрабіць стаўку на перспектыўны гатунак. За кошт прадукцыі раслінаводства трэба мець рост 25,2% да ўзроўню мінулага года.
У СВК “Алекшыцы” тры імпартныя энерганасычаныя трактары і 45 айчынных. Неабходна, каб на энерганасычаных трактарах працавалі па два механізатары і выпрацоўка складала не менш 5500 гектараў у год. Не толькі СВК “Алекшыцы”, але і ўсе гаспадаркі раёна пажадалі мець сістэму спадарожнікавай навігацыі. Займацца гэтым і пралічваць кошт будзе мінская фірма. Сучасныя прыборы дапамогуць стварыць аптымальныя сістэмы руху трактароў пры палявых работах. Дыспетчар або старшыня гаспадаркі змогуць бачыць, як вядзецца, напрыклад, унясенне мінеральных угнаенняў. Гэта дасць эканомію гаруча-змазачных матэрыялаў.
Рост валавой прадукцыі ў жывёлагадоўлі ў гэтым годзе павінен дасягнуць 5,5%. Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць захаванасці жывёлы і здароўю цялят. Добры догляд, своечасовая выпайка малодзіва дапамогуць умацаваць імунную сістэму маладняку, прынясуць скарачэнне выдаткаў на лекі.
Малака ў СВК “Алекшыцы” ў мінулым годзе атрымалі 5510 тон, што больш пазалеташняга на 310 тон. Надой на карову дасягнуў 7600 кілаграмаў (плюс 96 кілаграмаў). Вышэйшым гатункам было здадзена 87% малака. “Экстры” атрымаць не ўдалося – для гэтага плануюць купляць дадатковы халадзільнік. Там будзе ахалоджвацца малако высокаўдойных кароў.
За мінулы год сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы павялічылася на 12 грамаў і дасягнула 930. Вагой вышэйшай укормленасці было прададзена 92% буйной рагатай жывёлы. Для далейшага развіцця галіны ў гаспадарцы будуць будаваць цялятнік на 240 галоў. На комплексе па адкорму і дарошчванню буйной рагатай жывёлы плануецца рамонт аднаго з будынкаў. З”явіцца агароджа вакол малочнатаварнага комплексу “Алекшыцы”. А для забеспячэння патрэб жывёлагадоўлі ў якасных кармах будзе абсталявана сянажная яма на 2,5 тысячы тон.
За 11 месяцаў мінулага года прыбытак у гаспадарцы склаў 1 мільярд 90 мільёнаў рублёў. У гэтым і наступным годзе ў СВК “Алекшыцы” будуць старацца павялічыць свае актывы. Напрыклад, паспрабуюць сябе і ў такой незнаёмай для іх пакуль сферы, як развіццё прыдарожнага сэрвісу. Сваю гандлёвую кропку — напрыклад, кафэ плануюць зрабіць прывабнай як для праезджых, так і для мясцовых жыхароў. Збіраюцца гатаваць там і абеды для сваіх працаўнікоў, занятых у перыяд масавых сельскагаспадарчых работ.
Каб канкурыраваць з камерсантамі, якія спрабуюць купляць жывёлу ў вяскоўцаў нашага раёна, у гаспадарцы выпрацавалі свае прапановы. Цялят вагой ад 60 да 100 кілаграмаў у СВК “Алекшыцы” набываюць пастаянна на працягу ўсяго года.
Шмат пытанняў было абмеркавана ў час абароны мерапрыемстваў у СВК “Алекшыцы”. Гутарка з раённай камісіяй атрымалася выніковая і карысная.
— У вас адна з самых лепшых абарон мерапрыемстваў у раёне, — адзначыў старшыня Бераставіцкага райвыканкама Міхаіл Міхайлавіч Сіцько. – Праўдзівая размова прымушае думаць. У раслінаводстве і жывёлагадоўлі гаспадаркі ёсць магчымасці для росту, тут працуюць высокага ўзроўню спецыялісты. Згуртаванаму калектыву аднадумцаў па плячы важныя задачы.
Ніна Наддэ, фота аўтара