Уладзіславу Красоўскаму дваццаць шэсць гадоў, і ўжо восем з іх ён працуе электраманцёрам у СВК імя Варанецкага. Сам малады чалавек з Вялікіх Эйсмантаў, тут нарадзіўся, закончыў школу, сюды ж вярнуўся пасля вучобы ў каледжы. Ён не шукаў шчасця ў далёкіх мясцінах, а вырашыў звязаць свой лёс з родным куточкам.
Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай, з якой сустракаліся яшчэ са школы. І сёння ў маладой сям’і Красоўскіх ужо падрастае двое сыноў: старэйшаму Раману сем гадоў, а малодшаму Валянціну – чатыры.
У ліпені Красоўскія адзначаць васьмігоддзе свайго сумеснага жыцця, і сем з іх маладая сям’я жыве ва ўласным добраўпарадкаваным доме, які выдзеліў сельгаскааператыў. За гэта Уладзіслаў Іосіфавіч вельмі ўдзячны кіраўніцтву гаспадаркі, бо лічыць забеспячэнне жыллём асновай замацавання маладых кадраў на вёсцы. Да таго ж ён не любіць гарадскога шуму і мітусні, таму вельмі задаволены сваім жыццём у аграгарадку.
— У нас тут у Вялікіх Эйсмантах ёсць усё, што неабходна для паўнацэннага жыцця, — лічыць Уладзіслаў Красоўскі, – побач школа, амбулаторыя, дзіцячы садок, магазіны, ёсць музычная і спартыўная школы. Ды і да горада недалёка, на выхадныя дні заўсёды можна звазіць дзяцей у Гродна, паказаць ім нешта цікавае. Ну а для штодзённага жыцця і рэалізацыі сваіх мар найлепш падыходзяць родныя мясціны.
А яшчэ Уладзіслаў задаволены тым, што тут побач жывуць бацькі і сваякі і яго, і жонкі Ганны. Таму на святы і ўрачыстасці збіраюцца ўсе разам вялікай сям’ёй.
— А яшчэ ў нас ёсць даўняя традыцыя сустракаць Нараджэнне Хрыстова ў доме бабулі, татавай маці, якая жыве ў Вялікіх Ёдкавічах, — расказвае мой субяседнік. – Уявіце сабе, колькі нас там збіраецца: у бабулі пяцёра дзяцей, 16 унукаў і 12 праўнукаў!
Вялікая ўвага ў сям’і Красоўскіх надаецца і рэлігійнаму выхаванню, штонядзелю і ў святы ўсе абавязкова ідуць у касцёл, старэйшы сын ужо наведвае ўрокі рэлігіі. Моцныя ў сям’і таксама і польскія карані, мову сваіх продкаў Красоўскія захавалі, добра на ёй размаўляюць, умеюць чытаць, пісаць і абавязкова навучаць усяму гэтаму сваіх дзяцей.
Маці Уладзіслава праваслаўная, таму можна сказаць, што ў сям’і перапляліся традыцыі розных канфесій. Але гэта не перашкаджае ім жыць у міры і згодзе, захоўваючы лепшае і перадаючы яго маладому пакаленню.
Ірына Міклаш, фота аўтара