Збіраем вучня ў школу

Лента новостей

SchuleАпошні месяц лета адлічвае свой імклівы крок. Да новага навучальнага года засталося зусім няшмат часу. Для многіх бацькоў і дзяцей пачынаюцца хваляванні і клопаты. Хаця зараз усё не танна, але новенькі ранец, акварэльныя яркія фарбы, прыгожы модны гарнітур для дзяўчынкі ці хлопчыка ў дзелавым стылі дададуць прыемнага настрою ўсёй сям’і, да таго ж, магчыма, гэта і стымул дзецям для стараннай вучобы. На якую ж суму трэба разлічваць, каб сабраць у школу, напрыклад, вучня пачатковых класаў? Пацікавіцца гэтым і заадно даведацца, на якія “бонусы” можна разлічваць, мне давялося ў магазіне “Детский мир” Бераставіцкага філіяла Гро­дзенскага аблспажыўтаварыства ў г.п. В.Бераставіца.
Галоўная пакупка, вядома, школь­ная форма. Прыгожыя жакет і спадніца для дзяўчынкі айчыннай вытворчасці швейных фабрык “Славянка” і “Калінка” каштуюць адпаведна 253 тысячы і 96 тысяч рублёў, можна набыць сукенку і сарафан па цане 206 тысяч і 233 тысячы рублёў. Для хлопчыка ёсць касцюмы з ААТ “БелКрэда” па 570 і 446 тысяч рублёў. Кашулі каштуюць 130 – 250 тысяч рублёў. Яны натуральныя, таксама беларускай вытворчасці. А гальштук абыдзецца ў 36 тысяч. Ёсць вельмі прыгожыя. Любому хлопчыку яны будуць да твару. Не абысціся школьніку і без спартыўнага касцюма. Рознакаляровыя, з Бабруйскай трыкатажнай фабрыкі, яны каштуюць прыкладна 150 тысяч рублёў. Для дзяўчынак ёсць багаты выбар кофтаў, джэмпераў. Выпускае іх ААТ “Палессе”. Цана вырабаў ад 140 тысяч і болей. А туфлі для маленькіх модніц выпускае Гро­дзенская фабрыка “Неман” і фірма “Марко”. Варта адзначыць, што вырабы Гродзенскай фабрыкі амаль удвая таннейшыя, чым “Марко”. Туфлі, выпушчаныя на прадпрыемстве ў Гродне, каштуюць 250 тысяч рублёў. Так жа адрозніваецца па цане і абутак для хлопчыка гэтых вытворцаў. “Неманскія” туфлі прадаюцца па 337 тысяч, вытворчасці “Марко” – 509 тысяч. Красоўкі і кеды з абутковых фабрык у Магілёве і Лідзе каштуюць 157 тысяч і 65 тысяч рублёў.
Ранцы тут таксама айчыннай вытворчасці. Каштуюць яны ад 150 да 300 тысяч рублёў. Ёсць і кітайскія па 300 тысяч.
Сшыткі прадаюцца па цане ад 750 рублёў і да 1 тысячы 750 рублёў. Каляровыя алоўкі германскай вытворчасці каштуюць ад 8 ты­сяч да 30 тысяч рублёў, фарбы беларускай вытворчасці – ад 7 тысяч да 35 тысяч.
Калі падсумаваць усё разам, адзенне і абутак на дзяўчынку або хлопчыка абыдуцца на суму, большую за 2 мільёны рублёў. Амаль на паўмільёна могуць “пацягнуць” і канцылярскія тавары.
Прадаўцы Зоя Хілюта (на здымку) і Надзея Віхарава заўсёды стараюцца задаволіць і дарослых пакупнікоў, і іх дзяцей, прапануюць разнастайныя варыянты, тавары па розных цэнах. Ёсць у магазіне і выдатны “бонус” для тых, для каго выдаткаваць вялікую суму адразу складана. Гэта вельмі выгадны крэдыт, а дакладней растэрміноўка на 6 месяцаў без вызначанага першага ўзносу. Гэта значыць, плаціць прыйдзецца роўнымі долямі на працягу паўгоддзя. Улічваючы, што цэны растуць, а сума застаецца ранейшай, гэта сапраўды выгадна. Дарэчы, не толькі тавары для школы можна купіць у растэрміноўку. Заадно можна набыць цікавыя кнігі для пазакласнага чытання, кніжкі — “размалёўкі”, настольныя гульні.
Выязнога гандлю ў гэтым го­дзе са школьнымі таварамі не будзе. Але ў гэтым і няма патрэбы – у аграгарадках у магазінах Бераставіцкага філіяла Гро­дзенскага аблспажыўтаварыства адкрыты школьныя вугалкі.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *