За рулём яму камфортна

Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_4858Вадзіцель – незаменная прафесія ў аграрнай вытворчасці. У любым сельгаскааператыве гэта людзі адказныя, якія ўносяць важкі ўклад у агульную справу. У СВК “Малабераставіцкі элітгас” прадстаўнікі такой запатрабаванай прафесіі – не выключэнне, ад іх залежыць, каб вытворчасць працавала, як адладжаны канвеер.
У вадзіцеля СВК “Ма­ла­бераста­віцкі эліт­гас” Леаніда Сяргейчыка цікавы лёс. Вадзі­цельскае пасведчанне ён атрымаў бязвусым юнаком, бо ў дарослым жыцці ўяўляў сябе толькі за рулём аўтамабіля. Калі першы раз паехаў самастойна, адчуваў сябе “на сёмым небе”, што мара яго збылася. Потым юнака забралі ў армію і служыў ён у тыя гады ў Маскве. І там яму пашанцавала – вазіў камандзіра ваеннай часці на “Волзе” і машыне “Уаз”, ездзіў часта.
— Але ж у Маскве такі рух, — гавару. – Ці не баяліся вы, Леанід Леанідавіч, там ездзіць?
Субяседнік мой – чалавек сур’ёзны і ўжо не ў маладым узросце, таму адказаў шчыра:
— І рукі, і ногі трэсліся ў першы раз. Страшна было. А потым прывык.
— Але ж некаторыя і ў Гродне баяцца ездзіць, калі прывыклі толькі да нашага раёна. Там жа рух больш інтэнсіўны, — адзначаю.
— Спачатку мяне, у маладосці, гэта таксама напружвала, а потым ужо не, — гаворыць вопытны вадзіцель. А са штурвалам сваёй машыны ён зрадніўся, яна чуйна рэагуе на яго ўмелыя рукі. Магутны грузавік “МАЗ” перавозіць да 20 тон, а вадзіцель працуе на самых розных відах работ. За 30 гадоў працы ў сельскай гаспадарцы перавезеныя грузы ўжо маглі б скласці цэлую гару. Возіць Леанід Сяргейчык зялёную масу, збожжа, буракі, а не ў сезон арганічныя ўгнаенні.
— Што цяжэй вазіць, мусіць, буракі? – цікаўлюся.
— Не, — адказвае вадзіцель. – Найцяжэй нам даецца жніво. Хаця і не ад вадзіцеля залежыць, колькі ён выканае рэйсаў, а ад камбайнераў, гэта ўсё ж самая напружаная пара. З самага ранку трэба добра агледзець машыну, каб потым не здарылася якая-небудзь непаладка. А потым змена працягваецца да цямна. Перавожу 100 тон у дзень зерня, найбольш было 200 тон. Безумоўна, гэта нялёгка.
— Стамляецеся? – пытаюся.
— Так, з узростам стомленасць больш адчуваецца, працаваць ужо не так лёгка, як у маладосці.
За рулём расслабляцца нельга, асабліва калі вязеш вялікі груз. Гэты адказны і вопытны вадзіцель возіць грузы па-майстэрску, увішна ўпраўляецца са сваім “жалезным сябрам”, мнагатонным грузавіком і на полі, і на дарозе.
Застаўся верным Леанід любімай прафесіі нават пасля таго, як атрымаў вышэйшую адукацыю, вывучыўшыся на зааінжынера. Змяніць месца ў кабіне аўтамабіля на месца ў кабінеце ўсё ж не здолеў. Адчуў, што гэта “не яго”. Грузавік у гэтага адказнага чалавека заўсёды дагледжаны, рамантуе ён яго сам, а калі трэба, дапамагаюць калегі па працы. Калектыў у СВК “Малабераставіцкі элітгас” дружны, людзі падстаўляюць плячо адзін аднаму.
Сын гэтага вадзіцеля таксама цікавіцца тэхнікай, ён вывучыўся на механіка, затым закончыў Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт, зараз вучыцца ў Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
А ў вольны час зімой Леанід Леанідавіч, калі выпадзе снег, любіць прабегчыся на лыжах, вядзе здаровы лад жыцця.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *