За навагоднімі падарункамі і сувенірамі – у Дом рамёстваў!

Лента новостей

Кожны год Бераставіцкі Дом рамёстваў напярэдадні калядных і навагодніх святаў арганізуе традыцыйны кірмаш «Чароўныя падарункі». У гэтым годзе ён праходзіць па вул. Леніна, 6 у райцэнтры. Сюды абавязкова варта зазірнуць. І не толькі для таго, каб паглядзець на вырабы майстроў, але і каб купіць рэч, якая спадабалася, для сябе альбо ў якасці падарунка.

На кірмашы прадстаўлены вырабы з саломкі, гліны, тэкстылю, вязаныя і пашытыя, з дрэва і іншага прыроднага матэрыялу. Гэта калядныя званочкі і зорачкі, анёлкі і сняжынкі, навагоднія ёлачныя кампазіцыі і інтэр’ерныя прадметы дэкору. Усяго і не пералічыць! Ёлачныя цацкі і падарункі  выкананы як у традыцыйным беларускім стылі, так і ў сучасным. Гэта этнаёлкі, скандынаўскія гномы, алені з тэкстылю, святочныя кампазіцыі, якія сёння шырока выкарыстоўваюцца для навагодняга ўпрыгожання камінных і іншых паліц ў хатніх інтэр’ерах. Асаблівая ўвага на кірмашы – сімвалу новага года Свінні. Свінкі, прадстаўленыя тут, выкананы ў розных тэхніках і прыцягваюць увагу сваім яркім знешнім выглядам.

І калі вы яшчэ не вызначыліся з навагоднім падарункам для сваіх родных і блізкіх, прыходзьце ў Дом рамёстваў на кірмаш з 10 да 17 гадзін у буднія дні. Сувеніры і цацкі hand made абавязкова прыйдуцца вам па душы.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *