Змена з такой “шматкаляровай” назвай пачала сваю работу на базе дзіцячага аздараўленчага лагера “Бераставіцкі”. Трэцяга чэрвеня сюды з’ехаліся 94 хлопчыкі і дзяўчынкі, прычым адпачыць і ўмацаваць сваё здароўе прыбылі таксама і дзеткі з дзіцячых дамоў з Гродна і Ваўкавыска. Лагер сустрэў школьнікаў у абноўленым выглядзе.
— Будаўнікамі Бераставіцкай ПМК-141 на тэрыторыі лагера быў выкананы касметычны рамонт, — расказвае начальніца ДАЛ “Бераставіцкі” Людміла Тапарыўская. — У прыватнасці, быў забетаніраваны ганак перад сталовай і пляцоўка. У харчаблоку былі ўстаноўлены шклопакеты, па-новаму абсталяваны пасудамоечны цэх у адпаведнасці з патрабаваннямі санітарна-гігіенічных нормаў. Прадстаўнікі з розных школ займаліся пафарбоўкай жылых корпусаў.
Педагогі, якія працуюць у лагеры, робяць усё магчымае, каб час, праведзены тут, запомніўся дзецям і падлеткам надоўга і на наступны год у іх было жаданне зноў сюды прыехаць. У гэтым ім аказваюць дапамогу супрацоўнікі іншых служб і арганізацый раёна. Да прыкладу, работнікі Бераставіцкага РАУС сочаць за парадкам, каб ніякая непрыемнасць не азмрочыла дзіцячага адпачынку. А ў адзін з дзён у лагер завіталі супрацоўнікі ЦБУ №401 “Беларусбанка”. У рамках акцыі “90 добрых спраў” яны правялі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі віктарыну на грашова-банкаўскую тэматыку. Самыя кемлівыя атрымалі прызы — латарэйныя білеты, фірменныя канцылярскія прылады і салодкія пачастункі.
Кожны вечар у лагеры арганізуюцца дыскатэкі. Іх музыкальным суправаджэннем займаецца навучэнец Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагападарчага прафесіянальнага ліцэя Аляксей Кантар. Да таго ж, немалаважная ўвага тут надаецца здароваму харчаванню дзяцей і вітамінізацыі.
Урачыстае адкрыццё змены адбылося ў пятніцу. З гэтай нагоды рабяты падрыхтавалі канцэртную праграму.
Акрамя таго, на мінулым тыдні распачалі работу прышкольныя лагеры дзённага знаходжання для дзяцей пачатковай школы і лагер пры Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Пры Малабераставіцкай школе і гімназіі аг.Пагранічны дзейнічаюць працоўныя лагеры: школьнікі маюць магчымасць сумясціць прыемнае з карысным і падзарабіць сваю першую “капейку”. Працоўнымі месцамі іх забяспечылі мясцовыя гаспадаркі — СВК “Цецяроўка” і “Малабераставіцкі элітхоз”.
У панядзелак на базе ДАЛ “Бераставіцкі” адкрыўся лагер “Навука”. У ім бавяць час 32 хлопчыкі і дзяўчынкі — здольныя школьнікі, якія любяць вучыцца нават падчас канікулаў. Пры лагеры дзейнічае профільны атрад МНС: рабяты выязджаюць на заняткі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Усе астатнія наведваюць заняткі па беларускай мове, біялогіі, геаграфіі і матэматыцы. Акрамя таго, кожны дзень тут праходзіць інфармацыйная гадзіна па пэўнай тэме, ладзіцца працоўны дэсант па ўборцы тэрыторыі каля сваіх домікаў, а пасля абеду — спартыўныя мерапрыемствы. Юныя інтэлектуалы паспаборнічаюць у конкурсе “Што? Дзе? Калі?”. Таксама будуць арганізаваны агульналагерныя мерапрыемствы “Міс лагера” і “Містэр лагера”.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ, фота аўтара