Так хутка праходзіць час: яшчэ нядаўна мы святкавалі Божае Нараджэнне, спявалі калядкі, а ўжо заўтра пачнецца перыяд Вялікага Посту, сутнасць якога для многіх яшчэ незразумелая. Што ж ён такое і да чаго вядзе чалавека? Напэўна, многія з вас адкажуць, што ён з’яўляецца перыядам, які падрыхтоўвае нас да Велікодных святаў. І гэта праўда, але не ўся! Заўтра, 5 сакавіка, у Папяльцовую сераду, мы пачуем на св.Імшы словы: „Так кажа Пан: “Звярніцеся да Мяне ўсім сэрцам сваім, праз пост і плач, і лямант. Раздзірайце сэрцы вашыя, а не вопратку! Навяртайцеся да Пана Бога вашага!” Менавіта гэтыя словы кажуць нам праўду аб Вялікім Посце. Што значыць навяртацца? Затрымаемся на хвілінку пры гэтым…
…Бог з найбуйнейшай чалавечай памылкі і граху можа вывесці яшчэ большае дабро. Аднак ёсць пэўная ўмова. У Дзеях Апосталаў (Новы Запавет), у 3-м раздзеле св. Пётр кажа прама: ”Пакайцеся і навяртайцеся”. Богам натхнёны аўтар Дзеяў св. Лука запісаў даслоўна: „Змяняйце мысленне” і „вяртайцеся назад”. Пётр кажа гэта з асабістага вопыту. Езус Хрыстос доўга працаваў над ім, каб ён змяніў мысленне і сышоў са свайго бачання Бога, з уласнага бачання паклікання. Пётр ведае, колькі бязладзіцы, памылак і граху пракралася ў яго жыццё з-за нязмененнага мыслення, і як вельмі з-за гэтага пакутаваў Езус. Дакладна гэтак жа і ў нашым жыцці: мы часта думаем сваімі катэгорыямі, не хочучы мяняць свайго мыслення, часта – паводле сваіх думак – мы асуджаем іншых, крытыкуем, абгаворваем. Мы ходзім у касцёл, але не змяняемся, зноў тое ж самае: тыя ж грахі, тая ж зайздрасць, непрабачэнне. Чаму? Таму што яшчэ не бачылі сапраўднага Езуса. Мы яшчэ не змянілі свайго мыслення, яшчэ самі сабе ствараем „свой” вобраз Езуса, такога, „як я хачу”. І часта гэта несапраўдны вобраз Бога. Яшчэ шмат стагоддзяў таму нямецкі тэолаг Экхарт казаў: „Людзі адкідаюць Бога, выдуманнага людзьмі!” А св. Пётр асабіста сустрэў сапраўднага Бога ў Езусе. У яго пропаведзях Бог заўсёды мае аблічча міласэрнасці. „Бог сумуе па вас, — казаў ён народу, — Ен ахвяруе вам „дні суцяшэння”, якія спрыяюць пакаянню.” Гэтыя словы апостала актуальныя і сёння: Бог дае нам час Вялікага Посту, каб мы затрымаліся ў паўсядзённым жыцці, радзей уключалі тэлевізар, камп’ютар, менш часу праводзілі ў інтэрнэце, каб праз пост, малітву і міласціну, з Божай дапамогай, мянялі сваё мысленне на Божае мысленне. Трэба зрабіць выбар, прыняць жыццёвае рашэнне з яго перспектывай на будучыню. Пачуй, брат, сястра, словы Пана Езуса: „Будзь халодны альбо гарачы; няхай словы твае будуць ТАК — ТАК, НЕ — НЕ!” Бо адна з самых вялікіх спакусаў — гэта прыняцце трэцяга шляху: быць “цёплым” хрысціянінам, а гэта значыць — ніякім. Палавінчатасць — гэта сапраўдная хвароба для духоўнага жыцця. Таму, дарагія, трэба затрымацца ў гэтым часе Вялікага Посту, каб нешта змяніць у сваім жыцці, і, перш за ўсе, для таго, каб змяніць зацятыя і непарушныя схемы нашага мыслення.
Бог ёсць Любоў, і самым вялікім пацверджаннем гэтага з’яўляецца Езус Хрыстос, які бярэ крыж, нясе яго на Галгофу і на ім памірае, — з любові да цябе! Бог чакае цябе, хоча пастаянна дарыць табе Сваю любоў, хоча даць табе свае мысленне! А якім будзе твой адказ? Гэта залежыць толькі ад цябе! „Пакайся і навярніся!”.
а.Анджэй Іадкоўскі, місіянер, вікарый касцёла Перамянення Пана г.п.В.Бераставіца