Герой нашай сённяшняй публікацыі – механізатар РУСП “Масаляны” Аляксандр Іваноўскі. За ўклад у развіццё сельскагаспадарчага прадпрыемства ён занесены на раённую Дошку гонару.
Чалавек гэты вельмі добрасумленны, любую работу выконвае заўсёды якасна. Вось і зараз на падкормцы раслін трактарыст перавыконвае норму ў паўтара, а часам нават амаль у два разы. Мне і раней даводзілася даваць яго здымкі ў газету ў гарачы час жніва. І на ўборцы ён быў сярод лепшых. Такія людзі – гонар нашага сельскагаспадарчага раёна. Ехала я ў той дзень на поле і прадчувала: “Ох, нялёгка мне прыйдзецца, бо ведала, што Аляксанд – чалавек не вельмі гаварлівы…» Інтуіцыя мяне не падвяла.
Ну, што ж, фатаграфую, стараюся разгаварыць. Асноўнае Аляксандр Міхайлавіч мне расказаў, ды толькі зусім коратка. Паглядзім на яго таксама яшчэ і вачамі блізкага чалавека — жонкі, бо чым больш інфармацыі, тым лепш.
– Ён немнагаслоўны, – агарошыла мяне адразу Святлана Фамінічна, бухгалтар РУСП “Масаляны”, так што на гэтай думцы мы з ёю сышліся. – Мала гаворыць, і сапраўдны “працаголік”. Ведаю свайго мужа з юнацтва, Саша прыйшоў да нас у 9 класе, мы разам заканчвалі школу.
— І што, тады яго разгледзелі, закахаліся? – цікаўлюся.
— Не, тады не закахалася, пазней яго па — сапраўднаму ўбачыла. Ён спакойны быў, сціплы. Школу ДАСАФ закончыў і працаваў у саўгасе “Бераставіцкі” шафёрам на малакавозе. Адслужыў у арміі. Калі мы ажаніліся, дык паехалі ў Ваўкавыскі раён, муж там уладкаваўся на цэментны завод. Але хутка вярнуліся дамоў, на радзіму.
Аляксандр з простай мнагадзетнай вясковай сям’і, бацька яго быў даглядчыкам жывёлы, маці – начным вартаўніком на ферме. Сын змалку ім дапамагаў, вырас працавітым чалавекам. Быў вадзіцелем, працаваў на бульдозеры, а затым больш за 20 гадоў ён — механізатар на розных відах работ.
– Якая праца лягчэйшая? – пыталася я тады ў Аляксандра.
– Няма лёгкай работы ў сельскай гаспадарцы, — адказаў ён. – На трактары праблема ў вібрацыі, гуку…
Я з ім згодна. Мне нават успомніўся выпадак з майго далёкага дзяцінства, калі мы з сяброўкай палолі “дзялкі” калгасных буракоў, што далі нашым бабулям. Былі мы ў сёмым, здаецца, класе. Стаміліся за спякотны дзень неверагодна, а дахаты далёка трэба ісці. І даганяе нас на трактары сусед дзядзя Міша. Спыніўся і кажа: “Лезьце ў кабіну, падвязу!” Мы павагаліся, але ўсё ж згадзіліся. Ну і паездка была! Але ж і трэсла нас! І гэта не ў полі, а на палявой утрамбаванай дарозе…
З уласнага журналісцкага вопыту ведаю – вельмі задаволеныя тыя трактарысты, каму дастаўся “Джон Дзір”. Таму ад усёй душы паважаю цяжкую працу механізатара, 10 — 11 гадзін адрабіць у полі, гэта вам, скажу вобразна, “не жарты”. Слабы чалавек там не справіцца, трэба мець і сілу, і ўменне, і цярпенне.
А Аляксандр Міхайлавіч працягваў:
— У мяне ўжо некалькі трактароў было, праўда, з іх МТЗ – 82 самы лепшы. Працую па 10 гадзін.
— Стамляецеся? – паспачувала я.
– Пасля зімы, як быў на рамонце тэхнікі, а затым выйшаў у поле, была стомленасць. Зараз ужо мне лягчэй, прывык. За ўсім глядзець трэба, на падкормцы кукурузы сачу, каб раўнамерна ўсё было, па сучаснай тэхналогіі. Ёсць у нас свае тонкасці.
– А заробкам задаволены?
– Ад мяне ўсё залежыць. Як працую, такі і заробак. Добра зарабляю, — усміхаецца чалавек.
Святлана Фамінічна расказала больш падрабязна:
– Ён заўсёды хоча быць першым, стараецца. Дзецям дапамагаем, машыны ва ўсіх нас ёсць. Сын Дзмітрый – ветурач, дачка Вольга – лагапед. Яе бацька моцна любіць, бо яна на яго вельмі падобная, любы, хто ўбачыць, скажа гэта. Раней і карову трымалі, зараз свіней, агарод у нас ёсць. Мне муж дапамагае, калі можа, бо з працы прыходзіць позна. Але зімой, у час адпачынку, усё робіць, ацяпленне сам дома зрабіў, столь. Малайчына! Яшчэ і людзям дапамагае. А на дні нараджэння падарункі нам купляе, на 8 сакавіка – кветкі. Шмат не гаворыць, няма ў яго такой звычкі, але ўвага яго дарагая.
– А што на раённую Дошку гонару занеслі, таксама не сказаў?
– Не, ад намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Уладзіміра Аляксандравіча Вайцюка даведалася.
Людзі працавітыя, сям’я ў іх шчаслівая. Дзяцей вывучылі, вышэйшую адукацыю далі, жывуць добра. Думаю, дачка і сын ганарацца, што ў іх такі бацька…
Ніна Наддэ, фота аўтара