Калі кажуць, што першае ўражанне самае трапнае, дык гэтая незнаёмая жанчына адразу спадабалася мне тым, што паводзіла сябе проста і натуральна. Пазнаёміцца з новым чалавекам, даведацца, чым ён жыве, як вядзе свой жыццёвы карабель праз рыфы штодзённых турбот і з’яўляецца такім працаўніком, што імя яго занесена на раённую Дошку гонару, заўсёды цікава. Ірына Кузака (на здымку) з СВК “Малабераставіцкі элітгас” менавіта такі чалавек.
Бацькі яе са Свіслацкага раёна пераехалі ў калгас “Шлях да камунізму”, і ім там далі дом у вёсцы Паплаўцы. Добраўпарадкавалі яго самі, стараліся зрабіць цёплым і ўтульным. Сям’я была шматдзетная і дружная. Бацька працаваў трактарыстам, маці даяркай. У сям’і было пяцёра дзяцей. Мама смачна гатавала, любіла парадаваць дзяцей. А яны не толькі дапамагалі ёй па хатняй гаспадарцы, але яшчэ і на ферме. Усе былі працавітыя, стараліся змалку даць бацькам палёгку.
Дзяўчынка рана пайшла на свой хлеб. Закончыўшы базавую школу, уладкавалася ў рэстаран ў г.п. В.Бераставіца спачатку вучаніцай повара, затым поварам. Потым перайшла на працу ў сталовую ў вёску Паплаўцы. Кулінарнае майстэрства засталося з ёю назаўсёды і вельмі прыгадзілася, хаця далейшай справай жыцця не стала.
— Лёс прымусіў пайсці працаваць аператарам на свінаферму. Ужо 18 гадоў я на такой працы. Раней кармленне было ручное, кармы разносілі вёдрамі. Муж мяне шкадаваў, дапамагаў. Шчасце для жанчыны – мець такога чулага і спагадлівага мужа. А маладая сем’я з дзецьмі жыла ў яго бацькоў у вёсцы Ёдзічы. Вельмі пашанцавала Ірыне і са свякроўю.
— Яна нам дапамагала і зараз дапамагае, — расказвае жанчына. – А затым нам далі ад гаспадаркі чатырохпакаёвую кватэру ў Паплаўцах.
Старэйшы сын Ірыны ўжо вучыцца па накіраванні ад гаспадаркі ў Ваўкавыскім дзяржаўным аграрным каледжы, дачка ў педкаледжы.
Дзеці ў гэтай сям’і выраслі такімі ж працавітымі, як і дарослыя. Для мамы гэта вялікая радасць, яны ўвесь час стараліся дапамагчы па гаспадарцы.
— Абсталяванне на свінаферме сучаснае, — працягвае Ірына, — камп’ютары, вентыляцыя, створаны добрыя ўмовы. Ручной цяжкай працы, як раней, няма. Кармы падаюцца аўтаматычна, стаяць паілкі.
— Ірына Іосіфаўна, а што тады робіце Вы?
— А я за ўсім гэтым гляджу. У мяне 50 свінаматак, дзве секцыі па 25. Пачынаючы з апаросу, парасяты 29 дзён знаходзяцца са свінаматкамі.
— Нараджаецца іх па колькі? – цікава мне.
— Па 10, па 12, бывае, што і 17. Калі 17, дык падкладваем да іншых свінаматак, бо адна столькі не выкарміць.
— І што, прымае, не адрознівае сваіх ад чужых? – цікаўлюся далей.
— Прымае, у першыя суткі не адрознівае. Абрэзваем парасятам клычкі, каб не пакусалі маму, на трэці дзень праводзім з ветработнікам Валянцінай Садаўнічай вакцынацыю, — працягвае Ірына Іосіфаўна. На дарошчванні парасяты ўтрымліваюцца да трох месяцаў. А затым цыкл паўтараецца. Мне мая работа падабаецца. Калектыў харошы, працаваць добра, спакойна.
А што гавораць пра Ірыну Кузака ў гаспадарцы?
— Яна вельмі адказная, — давялося мне пачуць. – Свае абавязкі выконвае як мага лепш. Харошая жанчына і вельмі добрая мама!
Такія нашы вясковыя жанчыны, непрыкметныя, працавітыя, сціплыя. Ірына нават не хацела фатаграфавацца ў газету і каб пра яе пісалі, саромелася, аднеквалася. Ледзьве я яе ўгаварыла.
Ніна Наддэ, фота аўтара