Загадчык склада з СВП “АграМір” Іван Барташэвіч – чалавек негаваркі і сціплы. Менавіта гэтымі якасцямі вызначаюцца нашы аграрыі, якія ўносяць такі вялікі ўклад у эканамічнае развіццё раёна. Без лішніх слоў ён стараецца як мага лепш выканаць любую работу, якую яму даручаць. Склады да прыёму ўраджаю ў СВП “АграМір” былі добра падрыхтаваны, і Іван Вацлававіч прымаў у падрыхтоўцы самы непасрэдны ўдзел. А работы было шмат – прыбіранне, дэзінфекцыя з пабелкай, і ўсё гэта не проста так, а па адпаведных правілах, як патрабуюць сучасныя тэхналогіі. Толькі пры такіх умовах ураджай добра захаваецца. А тое, што нераўнадушны чалавек любіць сваю працу, было відаць у час прыёмкі ўраджаю. Нават дакранаецца да збожжа ён па — сялянску, беражліва, з цеплынёй і пашанай. Сапраўдныя “залатыя горы” з новага ўраджаю ў СВП “АграМір” – гэта і своеасаблівы залог упэўненасці ў заўтрашнім дні, і будучых поспехаў.
Ніна Наддэ