“Жыццё цяпер непараўнальна лепшае…”

Лента новостей

IMG_9883Валянціна Жвалеўская з аграгарадка Канюхі — з пакалення тых людзей, якіх называюць дзецьмі вайны. Яна нарадзілася ў 1938 годзе і ўжо з самых ранніх гадоў адчула на сабе страшны ваенны подых. Першыя гады нямецкай акупацыі Валянціна Іосіфаўна помніць слаба, а вось час вызвалення ад іга фашыстаў настолькі ўрэзаўся ў дзіцячую памяць, што і сёння яна ўспамінае аб гэтым з вялікім хваляваннем…

…Сям’я, у якой нарадзілася Валянціна Жвалеўская, была вялікай: першая жонка яе таты памерла маладой, пакінуўшы яму на руках траіх малых дзетак, а яшчэ сямёра прыйшло на свет у другім шлюбе.
На вайну яе бацьку не забралі, бо ўжо не падыходзіў па ўзросту, а старэйшага зводнага брата Сашу немцы вывезлі ў Германію. Жыццё ў акупацыі, вядома, было цяжкім, але найбольш палохала смерць, якая заўсёды хадзіла побач. Валянціна Іосіфаўна расказвае, што памятае, як немцы забілі адну жанчыну, якая жыла па-суседску, потым другую. А найбольш уразіла яе смерць семярых маладых хлопцаў, якіх немцы расстралялі ў Канюхах каля млына, цяпер там знаходзяцца склады, потым праз вёску іх усіх разам неслі на могілкі.
У 1944 годзе развярнуліся баі за вызваленне нашай зямлі ад ворагаў.
— На магілянскіх горах стаялі немцы, — успамінае Валянціна Іосіфаўна, — а метраў за 300 ад вёскі акопы выкапалі партызаны і чырвонаармейцы. Лёталі самалёты, узрывы ўскалыхвалі зямлю. Бацькі вырашылі пакінуць родную вёску, каб зберагчы нас ад смерці. Адзежу закапалі ў яму, парасят таксама схавалі ў яме. Днём уцяклі на другі бераг Свіслачы, а ноччу перабраліся ў Масаляны. Там і заставаліся, пакуль не скончыліся баі.
Калі Жвалеўскія вярнуліся ў Канюхі, то ўбачылі, што ўвесь іх нажыты няхітры скарб разрабаваны: не было ні адзення, ні парасят, на вокнах хаты валяліся адарваныя курыныя галовы, застрэлілі немцы і іх карову-карміцельку, якая пасвілася на балоце.
-Таму цяпер, калі чую, што нехта кажа, што цяжка жыць, — уздыхае Валянціна Іосіфаўна, — адразу супярэчу: не грашыце. У кожным двары машына, а то і не адна, і ўбораў хапае, і прадуктаў. А ведаеце, што мы елі ў вайну і пасляваенны час? Суп з лебяды і чай з цукровых буракоў. Добра, што траюрадная сястра з Падбагоннікаў дала цялятка, дык мы яго выгадавалі, і потым з кароўкай стала трохі лягчэй.

Паездка ў Ленінград, 1977 год, Валянціна Жвалеўская – трэцяя злева
Паездка ў Ленінград, 1977 год, Валянціна Жвалеўская – трэцяя злева

Пасля вайны бацька стаў хварэць, а вялікую сям’ю карміць неяк трэба. Таму і давялося 13-гадовай Валянціне ісці працаваць у калгас. Спачатку дзяўчына палола лён, потым цукровыя буракі, стала звеннявой. У 1964 годзе пайшла працаваць на свінаферму ў Казлы, праз некалькі год перайшла на ферму ў Канюхі, адпрацавала там 16 гадоў.
— Працы я ніколі не баялася, — гаворыць мая субяседніца. – Заўсёды бралася за самыя цяжкія ўчасткі. Памятаю, як у 1958 годзе ў час працы ў паляводстве мы садзілі бульбу і трохі не паспелі закончыць да 9 Мая. Дык старшыня калгаса, Хамко тады быў, папрасіў нас пастарацца пасадзіць бульбу да пачатку парада. Мы з дзяўчатамі ўсталі ў 4 гадзіны раніцы і пасадзілі-такі бульбу да патрэбнага часу. Нам далі прэмію за гэта, а я нават паехала ў Маскву на выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі.
Старанную дзяўчыну цанілі ў гаспадарцы, і за працу неаднаразова прэміравалі пуцёўкамі: яна пабывала ў Ленінградзе, Адэсе, Кішынёве, Кіеве.
У лютым 1958 года яна была ў Мінску на нарадзе перадавікоў сельскай гаспадаркі, у якой прымаў удзел першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў.
Валянціна Іосіфаўна была актыўнай камсамолкай, з цеплынёй успамінае тагачаснага першага сакратара райкама камсамола Сямёна Шурбу, з якім даводзілася працаваць. Потым стала і членам партыі.
За добрасумленную працу Валянціну Жвалеўскую неаднаразова заносілі на Дошку гонару: і ў раёне, і ў вобласці, а ў калгасе дык амаль што пастаянна.
Два разы яна была дэпутатам раённага Савета, вельмі часта выбіралася і дэпутатам сельскага Савета. Як лепшы работнік, яна неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі, за добрасумленную працу двойчы атрымлівала медалі.
У 1964 годзе Валянціна выйшла замуж за мясцовага хлопца Антона, з сястрой якога вельмі добра сябравала.
— Дарэчы, мне не давялося змяняць прозвішча, — усміхаецца Валянціна Іосіфаўна, — і маё дзявочае Жвалеўская, і па мужу таксама Жвалеўская. А цяпер вось нядаўна было вяселле ў майго ўнука, дык таксама сітуацыя паўтарылася: наш Дзяніс Жвалеўскі ўзяў за жонку Святлану Жвалеўскую, сваю былую аднакласніцу.
З мужам у Валянціны Іосіфаўны нарадзілася чацвёра дзяцей, ужо ёсць адзінаццаць унукаў і адна праўнучка.
— Я ўдзячна Богу за сваю сям’ю, за мужа і дзяцей. Ужо сем гадоў няма майго Антона Міхайлавіча. Але тыя гады, якія мы пражылі разам, былі шчаслівыя, ён заўсёды мне дапамагаў і дома, і на працы. Цяпер я жыву адна, але дзеці не забываюць, прыязджаюць, дапамагаюць мне ва ўсім. Яны выраслі вельмі дружнымі, і гэта мяне радуе.
Я была вельмі здзіўленая, калі ўбачыла, колькі кветак на падворку і на вокнах у Валянціны Жвалеўскай. Яна прызналася, што вельмі любіць ствараць прыгажосць вакол сябе, любіць парадак і чысціню.
— Гэта яшчэ ў гэтым годзе ў мяне не так многа кветак, як заўсёды, многія засухі не вытрымалі. Ірысы ў мяне вельмі прыгожыя, розных колераў, людзі, нават бывае, спыняюцца, каб палюбавацца на мой кветнік.
Нягледзячы на паважаны ўзрост, Валянціна Іосіфаўна кажа, што не можа сядзець без справы. Пакуль дазваляў зрок, яна і ткала, і вышывала, вышываныя ручнікі і навалачкі і цяпер упрыгожваюць яе дом. Знаходзіць яна час, каб і на магілах родных парадак навесці, і ў царкву з’ездзіць.
— Я шчаслівая, — кажа Валянціна Іосіфаўна, —  што ў мяне дзеці добрыя, і жыццё цяпер у іх непараўнальна лепшае. Галоўнае, каб ім не давялося зведаць вайны і тых жахаў, якія перажылі мы.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара і з архіва Валянціны Жвалеўскай



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *