Жыццё пражыць – не поле перайсці

Лента новостей

Міхаіл Якімовіч з вёскі Ярмолічы – адзін з найбольш паважаных доўгажыхароў Бераставіцкага раёна, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Яму без малога 97 гадоў, узрост, як кажуць, гаворыць сам за сябе. Але, нягледзячы на гады, Міхаіл Міхайлавіч яшчэ стараецца  трымацца, хоць здароўе, вядома, далёка не тое, як раней, а асабліва падводзіць зрок. Але памяць у   яго даволі добрая, пра падзеі франтавога жыцця і сваіх баявых сяброў расказваць можа з усімі падрабязнасцямі.

У час Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Якімовіч ваяваў на III Беларускім фронце ў складзе 80-га гвардзейскага стралковага палка, удзельнічаў у вызваленні Кёнігсберга, Штабліна, атрымаў цяжкае раненне, аб якім і сёння напамінае шрам на шыі. Сярод узнагарод ветэрана – медалі “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне”, ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені, шматлікія юбілейныя медалі.

— Нават і падумаць не мог, што ўцалею ў гэтым пекле, — гаворыць ветэран.

На ўсё жыццё засталіся ў памяці салдата жорсткія баі за ўзяцце Кёнігсберга і горада Цынтэна. Менавіта тады ён быў узнагароджаны галоўным салдацкім медалём — «За адвагу». Яго франтавая прафесія — кулямётчык, а гэта значыць, наш зямляк заўсёды быў на перадавой. Навучалі яго страляць з кулямёта прама на фронце, «на хуткую руку». Кулямётны разлік — чатыры салдаты, Міхаіл Якімовіч быў нумарам першым. Перамяшчаліся кулямётчыкі  звычайна ўначы, адразу ж акопваліся на новым месцы. Успамінае, што на досвітку пачыналася артпадрыхтоўка: па ворагу стралялі з «кацюш», бамбілі з паветра. Затым ішло наступленне, і працы іх кулямёту хапала.

 — Вайна ёсць вайна. Ніколі не ведаў, вядома, ці застануся ў чарговым баі ў жывых, — уздыхае Міхаіл Міхайлавіч. – Шмат баявых таварышаў палягло ў тых баях.

Не было лёгкім і мірнае пасляваеннае жыццё. Вярнуўшыся ў родныя мясціны, Міхаіл Якімовіч усё жыццё працаваў жывёлаводам у КСУП “Варанецкі”.

Разам з жонкай, Таісіяй Пятроўнай, з якой яны душа ў душу пражылі амаль  65 гадоў,  выгадавалі дваіх дзяцей. Жонкі няма ўжо больш як тры гады, але ветэран не застаецца адзінокі, разам з ім яго дзеці, унукі, праўнукі, ёсць ужо нават і прапраўнук.

— Жыццё пражыць – не поле перайсці, — кажа Міхаіл Міхайлавіч, — усяго хапала і на маім жыццёвым шляху, але, нягледзячы на ўсе цяжкасці,  я стараўся пражыць яго годна. Гэтаму вучыў заўсёды сваіх дзяцей, гэта наказваю і ўнукам, і праўнукам.  

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *