На яшчэ аднаго доўгажыхара стала больш у Бераставіцкім раёне. 5 снежня свой 100-гадовы юбілей адзначыла жыхарка вёскі Падбагонікі Анастасія Белаш.
Павіншаваць Анастасію Іванаўну з такой знамянальнай датай прыехалі кіраўнік справамі Алекшыцкага сельскага Савета дэпутатаў Алена Цалюк, намеснік старшыні СВК “Алекшыцы” па ідэалагічнай рабоце Ганна Міхаленка, член прафкама, галоўны заатэхнік сельгаскааператыва Уладзімір Карытца і старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Людміла Добка.
Прадстаўнікі СВК “Алекшыцы” падзякавалі юбілярцы за шматгадовую працу ў гаспадарцы і ўручылі падарункі ад праўлення і прафсаюзнага камітэта. Прыемным сюрпрызам для Анастасіі Іванаўны стаў і новы пашпарт, які выдаецца ў сувязі з дасягненнем 100-гадовага ўзросту.
Бабуля з радасцю прымала падарункі і віншаванні, успомніла, што нямала за гэтыя гады ў яе было падарункаў за старанную працу ў калгасе, у свой час нават медалём была ўзнагароджана за працоўныя поспехі.
Вядома, далёка не кожнаму даецца дажыць да такога паважанага ўзросту, на долю гэтай жанчыны, як і многіх людзей яе пакалення, выпала нямала выпрабаванняў: вайна, пасляваенная разруха, голад, цяжкая праца.
Нарадзілася яна ў Расіі, у вёсцы Аляксееўка Уральскага раёна Самарскай вобласці, куды яе сям’я выехала ў бежанства на пачатку Першай сусветнай вайны. Неўзабаве пасля яе нараджэння бацькі вярнуліся назад у родныя мясціны. Калі дзяўчынцы было паўтары гады, памерла маці. Спачатку яе даглядала бацькава сястра, а потым бацька ажаніўся, прывёў у дом мачаху. Праўда, жанчына была добрай, клапацілася пра яе, і Анастасія Іванаўна адносілася да яе як да маці.
Усё сваё дарослае жыццё жанчына працавала даяркай у калгасе, і хоць было нялёгка, аб тых часах яна ўспамінае, як аб найлепшых:
— З раніцы кусок хлеба адрэжу, соллю пасыплю, кубак вады вып’ю і пабегла з радасцю на ферму, да сваіх каровак. А цяпер і мяса наемся, і чаю салодкага нап’юся, а той радасці ўжо няма, як няма тых сіл і здароўя. Дзякуй дзецям, што даглядаюць, не пакідаюць у самоце.
У Анастасіі Іванаўны 5 дзяцей – два сыны і тры дачкі, праўда, сыноў ужо няма ў жывых. Дзве дачкі жывуць у Гродне, адна – у Алекшыцах, пра маці не забываюць. Вось і цяпер дачка Таццяна з мужам Віктарам прыехалі з горада да яе на зіму, клапоцяцца пра бабулю.
Самае галоўнае багацце, лічыць Анастасія Іванаўна, — гэта яе вялікая сям’я. У 100-гадовай юбіляркі 8 унукаў, 12 праўнукаў і ўжо 6 прапраўнукаў. Аб кожным з іх яна памятае, цікавіцца іх жыццём, а яны аддзячваюць бабулі любоўю і клопатам.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара