Жыхарка вёскі Плюскалаўцы Вера Аўхіменя адзначыла 100-гадовы юбілей

Лента новостей

IMG_2833100-гадовы юбілей адзначыла 11 чэрвеня жыхарка вёскі Плюскалаўцы Вера Аўхіменя. Павіншаваць яе з гэтай знамянальнай датай напярэдадні прыехалі старшыня Бераставіцкага сельскага Савета дэпутатаў Марына Карпуць, старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі РАУС Людміла Добка і старшыня прафкама СПП “АграМір” Ірына Навіцкая.

IMG_2828 IMG_2831 IMG_2837Практычна ўсё сваё жыццё Вера Савасцьянаўна пражыла ў Плюскалаўцах, хоць і нарадзілася яна ў Расіі, куды яе бацькі выехалі ў 1915 годзе падчас Першай сусветнай вайны. Але ў 1921 годзе сям’я зноў вярнулася на радзіму, і ўжо больш не пакідала роднага куточка. Хоць часамі даводзілася і нялёгка: спачатку жылі ў зямлянцы, а ўжо потым пабудавалі свой дом. У сям’і было чацвёра дзяцей, акрамя Веры, яшчэ два браты і сястра. Братоў ужо няма ў жывых, а малодшая сястра, узрост якой набліжаецца да 90-годдзя, жыве цяпер у Крыме.
За ўсе гады на долю Веры Савасцьянаўны выпала нямала жыццёвых выпрабаванняў. Муж памёр у маладым узросце ў 1947 годзе, яна засталася адна з чатырма дзяцьмі на руках, прычым, малодшаму сыну было яшчэ толькі 6 тыдняў. Яшчэ адна цяжкая страта напаткала яе ў 1967 годзе. Сын Сцяпан закончыў ваеннае вучылішча ва Ульянаўску і быў напраўлены ў Казахстан у Зорны гарадок касмадрома «Байканур», дзе праз месяц загінуў.
У 1949 годзе ў Плюскалаўцах арганізаваўся калгас, Вера Савасцьянаўна адной з першых уступіла ў яго, працавала даяркай да выхаду на пенсію. Вядома, нялёгка было адной падымаць дзяцей, але жанчына вытрымала ўсе нягоды. Потым дапамагала гадаваць сыноў сваёй дачцэ, Любові Кохна, з якой яна і зараз жыве.
А ўсяго ў доўгажыхаркі, акрамя чатырох дзяцей, 5 унукаў, 7 праўнукаў і 3 прапраўнукі.
Нягледзячы на вельмі паважаны ўзрост, Вера Савасцьянаўна яшчэ досыць няблага трымаецца. Вядома, ёсць праблемы са здароўем, стала дрэнна чуць, але яшчэ нават імкнецца штосьці зрабіць на падворку і дома.
У сувязі з дасягненнем 100-гадовага ўзросту доўгажыхарам выдаецца новы пашпарт. І гэты дакумент Веры Савасцьянаўне ўручыла старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі РАУС Людміла Добка, якая павіншавала бабулю з юбілеем і пажадала яшчэ доўгіх гадоў жыцця.
З найлепшымі пажаданнямі да Веры Аўхіменя звярнулася і старшыня прафкама СПП “АграМір” Ірына Навіцкая і перадала ад гаспадаркі, у якой шмат гадоў адпрацавала юбілярка, памятны падарунак.
Ну а ўжо непасрэдна ў дзень юбілею ў доме Веры Са­васцья­наўны сабралася яе вялікая дружная сям’я, каб выказаць свае віншаванні са 100-годдзем роднаму чалавеку.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *