Нашай краіне праблема жыллёвага забеспячэння грамадзян “дасталася ў спадчыну” яшчэ ад СССР. Многія памятаюць, як у часы перабудовы ставілася задача забяспечыць да 2000 года кожную савецкую сям’ю асобнай кватэрай. Па вядомых прычынах гэта не было выканана. Для Беларусі сёння жыллёвае будаўніцтва—важнейшы прыярытэт сацыяльна-эканамічнай палітыкі, вызначаны яшчэ на першым Усебеларускім народным сходзе ў 1996 годзе. З таго часу маштабы жыллёвага будаўніцтва ў рэспубліцы штогод растуць. Па колькасці пабудаваных кватэр у разліку на 10 тыс. насельніцтва Беларусь многія гады ўстойліва лідзіруе сярод краін СНД і знаходзіцца на ўзроўні такіх развітых дзяржаў рыначнай эканомікі, як, напрыклад, Данія, Нарвегія, Францыя, Фінляндыя. Гэта стала магчымым дзякуючы захаванню і планамернаму развіццю будаўнічага комплексу рэспублікі. Асноўным відам дзяржаўнай падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і фінансавым механізмам жыллёвага будаўніцтва ў рэспубліцы з’яўляецца льготнае крэдытаванне. Сённяшняя наша размова з намеснікам старшыні райвыканкама па будаўніцтву Аляксандрам Міхайлавічам РАХУБА аб ходзе рэалізацыі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі на Бераставіччыне за апошнія гады.— Аляксандр Міхайлавіч, чым кіруецца будаўнічая галіна раёна ў вырашэнні такой важнай задачы як забеспячэнне насельніцтва жыллём?
— Дзяржаўная жыллёвая палітыка вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і праводзіцца Урадам краіны, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і мясцовымі распарадчымі і выканаўчымі органамі ў ходзе рэалізацыі шэрагу комплексных праграм. У прыватнасці, з 2005 года рэалізуецца Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі, з 2006 года—прэзідэнцкая праграма “Дзеці Беларусі” і Дзяржаўная комплексная праграма развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўнічай галіны, з 2007 года—Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі і Дзяржаўная комплексная праграма развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў. Прыняты і комплекс нарматыўных прававых актаў, накіраваных на далейшае ўдасканаленне жыллёвай палітыкі. Таксама Урадам распрацавана і зацверджана Канцэпцыя будаўніцтва (рэканструкцыі) даступнага і камфортнага жылля для грамадзян Рэспублікі Беларусь, якая вызначыла праграму дзеянняў выканаўчай улады на кароткатэрміновую—да 2010 года, і доўгатэрміновую—да 2015 года—перспектыву.
— Якія асноўныя моманты акрэслены ў гэтых праграмах?
— Найперш, гэта забеспячэнне тэмпаў росту будаўніцтва жылля для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, асабліва для шматдзетных і маладых сем’яў, вяскоўцаў. Прычым стаўка робіцца не толькі на колькасць, але і на якасць новабудоўляў, павышаюцца патрабаванні да энергаэфектыўнасці і камфортнасці як жылых шматпавярховых будынкаў, так і сельскіх сядзіб, да іх эстэтычнага выгляду і добраўпарадкаванасці прыдамавых тэрыторый. На працягу апошніх гадоў удасканальвалася сістэма льготнага крэдытавання з мэтай дадатковага стымулявання жыллёвага будаўніцтва. І цяпер крэдытуецца 100% ад кошту нарматыву льготна крэдытуемай плошчы жылога памяшкання, стаўкі па крэдытах зніжаны з 5 да 1% платы за карыстанне і павялічаны з 20 да 40 гадоў тэрмін пагашэння крэдытаў для жыхароў населеных пунктаў з колькасцю да 20 тыс. чалавек. А сям’я з сельскай мясцовасці можа пабудаваць кватэру, напрыклад, у райцэнтры. Шматдзетным сем’ям дзяржава аказвае фінансавую дапамогу ў пагашэнні льготных крэдытаў у памеры 50% ад сумы запазычанасці–сем’ям з трыма дзяцьмі, 70%–з чатырма, 100%–з пяццю і больш дзяцьмі.
Асаблівая ўвага надаецца паляпшэнню жыллёвых умоў на вёсцы. Штогод кожная сельгасарганізацыя будуе па пяць службовых кватэр для сваіх працаўнікоў, растуць і сельскія жыллёва-будаўнічыя спажывецкія кааператывы.
— А што гавораць лічбы?
— Калі ахапіць апошнія пяць гадоў, то за гэты перыяд кватэры пры дапамозе льготнага крэдытавання пабудавалі 256 сем’яў. Кожны год уводзілася ў эксплуатацыю па аднаму ці па два жыллёва-будаўнічых кааператываў. У 2005-м—40-кватэрны ў райцэнтры, у 2006-м—20-кватэрны і 8-кватэрны ў г.п.В.Бераставіца, 12-кватэрны ў п.Пагранічны, у 2007-м—зноў 40-кватэрны ў гарпасёлку, у 2008-м і 2009-м у нас з’явіліся дзве 56-кватэрныя “сяміпавярхоўкі”. Сёлета ўжо здадзены 12-кватэрны ЖБСК у г.п.В.Бераставіца, завяршаецца будаўніцтва 20-кватэрнага кааператыва ў Пагранічным. На чарзе—будаўніцтва яшчэ дзвюх “сяміпавярховак” у гарпасёлку.
Агульная плошча пабудаванага за апошнюю пяцігодку жылля ў складзе жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў складае 15640 квадратных метраў. А ў гарпасёлку і ў Пагранічным за гэты час выраслі цэлыя мікрараёны шматпавярховых новабудоўляў. На сённяшні дзень на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў знаходзіцца 337 сем’яў. Найбольшым попытам карыстаюцца “дзвухпакаёўкі”. Іх будуюць сёння сем’і, якія сталі на ўлік у 2008 годзе. А трохпакаёвыя кватэры будуюць у новых дамах ужо і тыя, хто стаў на чаргу сёлета.
— Шмат новых вуліц з прыгожымі ўтульнымі домікамі ўзніклі за гэты час і ў сельскай мясцовасці. Колькі такіх дамоў пабудавана ў раёне?
— Сапраўды, аблічча нашых вёсак істотна змянілася. Згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі, якая сёлета завяршаецца, на Бераставіччыне створана і добраўпарадкавана 10 аграгарадкоў—Вялікія Эйсманты, Пагранічны, Малая Бераставіца, Алекшыцы, Макараўцы, Стары Дварац, Канюхі, Пархімаўцы, Кватары і Масаляны. Менавіта ў іх і засяроджана найбольшая колькасць новых дамоў, пабудаваных сельскімі гаспадаркамі для сваіх працаўнікоў. Узведзены цэлыя жылыя комплексы сельскіх сядзіб, зручных і камфортных для пражывання, з добраўпарадкаванымі, агароджанымі падворкамі. За пяць гадоў такім чынам пабудавана 262 кватэры (69 дамоў) агульнай плошчай 20416 квадратных метраў. Сюды ўваходзяць і дамы, пабудаваныя з дзяржпадтрымкай. Прычым, калі гаворка ідзе пра паляпшэнне жыллёвых умоў сельскіх жыхароў, нельга не забываць, што вышэйназваная праграма – комплексная. Яна ахоплівае і вытворчую, і ўсю сацыяльную праблематыку вёскі. Рэалізацыя жыллёвай палітыкі тут—толькі частка вялізнай работы па забеспячэнні дастойных умоў пражывання вяскоўцаў згодна з прынятымі ў нашай дзяржаве сацыяльнымі стандартамі.
— Асобна хочацца адзначыць і тое, што ў апошняе пяцігоддзе карэнна змяніла свой выгляд і Вялікая Бераставіца…
— Гэта так. Значныя сродкі на добраўпарадкаванне нашага пасёлка былі выкарыстаны падчас падрыхтоўкі да святкавання яго 500-годдзя ў 2006 годзе. Тады былі адрамантаваны фасады і дахі звыш 50-ці жылых дамоў і 34-х адміністрацыйных будынкаў, праведзена рэканструкцыя плошчы Леніна, стадыёна, добраўпарадкаваны шэраг вуліц, зроблена і шмат чаго іншага. Вялікая Бераставіца, якая заўсёды была прыгожай і ўтульнай, ператварылася ў сучасны, камфортны для пражывання гарадок. Работа па добраўпарадкаванні працягваецца і цяпер. Накрыклад, сёння ідзе ка-пітальны рамонт інфекцыйнага аддзялення ЦРБ, дзіцячага садка, часткова раённага Дома культуры.
— Шэраг дзяржаўных праграм сёлета ўжо завяршаюцца. Ідзе актыўнае абмеркаванне асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гады. Як у далейшым будзе рэалізоўвацца жыллёвая палітыка, на што будзе звернута ўвага ў нашым раёне?
— Жыллё ў нас будзе ўзводзіцца і надалей. І ў райцэнтры, і на вёсцы. У цэлым па краіне плануецца нарошчваць аб’ёмы будаўніцтва жылля, звяртаць больш пільную ўвагу на яго якасць. У фінансавым забеспячэнні жыллёвага будаўніцтва будзе ажыццяўляцца пераход ад адміністрацыйных метадаў да больш шырокага выкарыстання рыначных стымулаў: іпатэчнага крэдытавання і сістэмы жыллёвых будаўнічых зберажэнняў. Прадугледжваецца шэраг змен і ў Жыллёвым кодэксе. Жыллёвае пытанне лічыцца вырашаным у краіне, калі колькасць кватэр, дамоў у жыллёвым фондзе адпавядае колькасці сем’яў. І гэты прынцып закладзены ў аснову разлікаў аб’ёмаў будаўніцтва жылля ў краіне на перспектыву.
Гутарыла Святлана
Ганчарова, фота аўтара