Жыві і квітней, Беларусь!

Лента новостей

mayradzimabelДзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці, якое адзначаецца штогод 3 ліпеня. Глыбока сімвалічна тое, што гэта Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 70 гадоў таму савецкія войскі вызвалілі Мінск, сталіцу Беларусі, ад нямецкіх войскаў у ходзе Беларускай аперацыі “Баграціён”. І калі б наш народ не праявіў магутную энергію супраціўлення, не ўзняўся на абарону сваёй Радзімы ў Вялікай Айчыннай вайне, не вызваліў разам з брацкімі народамі Савецкага Саюза нашу зямлю, мы б ніколі не здабылі сваю незалежнасць.
Беларусь – гэта краіна з унікальнай прыродай, багатай культурай і вялікімі магчымасцямі для развіцця. Тысячагадовая гісторыя шматпакутнага беларускага народа, які вынес на сваіх плячах цяжар не адной разбуральнай вайны, ведае ўзлёты і падзенні. Але краіна заўсёды падымалася з попелу, аднаўлялася і квітнела, даказваючы свету права на дзяржаўную самастойнасць.
Беларуская дзяржаўнасць мае глыбокія вытокі. Яна пачынаецца з Полацкай зямлі і Вялікага Княства Літоўскага. Ідэі беларускай дзяржаўнасці непарыўна звязаны са славянскай еднасцю, братэрствам народаў.
У 1919 годзе БССР стала першай нацыянальнай беларускай дзяржавай. Упершыню быў створаны апарат дзяржаўнай улады, нацыянальная сістэма адукацыі, назапашаны інтэлектуальны патэнцыял, эканамічная моц.
Сапраўдным экзаменам на мужнасць нашага народа стала Вялікая Айчынная вайна. Усе 1418 вогненных дзён і начэй наша шматпакутная Беларусь давала адпор ворагу. Масавы партызанскі рух кантраляваў 60 працэнтаў нашай тэрыторыі. Успаміны пра вайну адгукаюцца болем у кожнай сям’і. На тэрыторыі Беларусі загінула каля мільёна салдат, камандзіраў, партызан. Фашыстамі было знішчана каля трох мільёнаў чалавек мірнага насельніцтва і ваеннапалонных. Уклад беларусаў у вызваленне ад захопнікаў прызнаны сусветным супольніцтвам.
Рэспубліку прыйшлося аднаўляць нанова. Гэта быў працоўны подзвіг беларусаў і братніх народаў. Час няспынна ідзе наперад. Сёння ў страі – унукі і праўнукі салдат Перамогі. Ім працаваць у ХХІ стагоддзі. На іх плечы легла ўся адказнасць за Беларусь. Згуртаванасць грамадства, добрасумленная праца, самааддача кожнага – вось аснова дабрабыту людзей нацыянальнай бяспекі дзяржавы.
Зараз Беларусь – суверэнная еўрапейская краіна, якая праводзіць міралюбівую палітыку. Мы хочам, каб над нашай Айчынай было чыстае і яснае неба. Менавіта пагэтаму мы і не дзелім свет на пажаданыя і непажаданыя дзяржавы, для нас усе краіны – гэта нашы партнёры. Ні з адной дзяржавай свету ў нас няма спрэчак і супярэчнасцей, якія пагражалі б інтарэсам нашай краіны. Наша дзяржава яшчэ вельмі маладая.Умацоўваць яе – наш святы абавязак.
Няхай квітнее наша Беларусь!
Зінаіда САМКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *