Па даных газеты “Белорусская нива”, дзе перыядычна публікуецца зводка Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, за першы квартал гэтага года Бераставіцкі раён па сярэднім надоі малака ад каровы знаходзіцца на другім месцы ў краіне пасля Нясвіжскага і абагнаўшы Гродзенскі. Паказчык быў 1664 кілаграмы (плюс 122). Параўнаем яго з тымі, якія завяршаюць рэйтынг. На апошнім месцы ў рэспубліцы Краснапольскі раён – там усяго толькі 488 кілаграмаў (мінус 85). Атрымліваецца, што карова ў сярэднім за суткі дае менш 5 літраў малака… Нямала і раёнаў, дзе паказчык менш за 10 кілаграмаў.
У нашым раёне добрыя традыцыі. Таму і вядомы ён стабільнай работай на ўсю рэспубліку. Як паведаміў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Павел Буткевіч, за 4 месяцы гэтага года валавой прадукцыі жывёлагадоўлі выраблена на 73,3 мільярда рублёў у супастаўных цэнах 2010 года, што складае 106,3% да ўзроўню мінулага года пры заданні 105%. А найбольшую прыбаўку атрымалі ў аграфірме “Стары Дворац” – 112,5% пры заданні 105%; РУСП “Масаляны” – 110,7% пры запланаваных 105%; СВК “Алекшыцы” — 106,8% таксама пры заданні 105%. Не выканана заданне ў СВК “Цецяроўка” – 96,9%.
На 1 мая гэтага года пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках Бераставіччыны складае 31417, што на 986 галоў больш, чым на такі ж час мінулага года. Узрос і дойны статак на 110 кароў, а ўсяго іх 8355. На 50 кароў стала менш толькі ў СВК “Макараўцы”.
За 4 месяцы атрымана больш за 19140 тон малака. Рост склаў 108%. Найбольшая прыбаўка вытворчасці малака адзначаецца ў СВК “Алекшыцы” – 114%, аграфірме “Стары Дворац” і СВК “Пархімаўцы” – 112%, РУСП “Масаляны” – 111%, СВК “Малабераставіцкі элітгас” – 109%. Адна гаспадарка, СВК “Цецяроўка” знізіла вытворчасць на 4%. Больш за 2500 кілаграмаў малака ад каровы надаілі ў СВК імя Варанецкага, “Алекшыцы”, аграфірме “Стары Дворац” і РУСП “Масаляны”. У СВК “Пархімаўцы”, СВП “АграМір” і СВК “Макараўцы” атрымалі па 1938 – 2098 кілаграмаў, а ў СВК “Цецяроўка” — 1754. Розніца ў паказчыках немалая. Гэта значны адрыў, таму відавочна, што ў некаторых калектываў ёсць і вялікі рэзерв для паспяховай работы.
У полі зроку застаецца таксама якасць малака. Варта ўспомніць, што ў краінах з развітай жывёлагадоўляй ёсць толькі адзін гатунак – “экстра”. Іншага там проста не існуе, таму што яго не было б куды дзець. Па ініцыятыве ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання ў раёне працуе сумесная камісія з ААТ “Молочный Мир”. Яе работа дае свае вынікі – на 21 мая па раёне гатункам “экстра” было здадзена 26% малака. Таварнасць склала 91%. Гаспадаркі нашага раёна могуць умацоўваць свой дабрабыт праз нарошчванне запатрабаванай і выгаднай прадукцыі жывёлагадоўлі.
Вытворчасць прывагі буйной рагатай жывёлы за 4 месяцы дасягнула 2184,5 тоны або 106% у параўнанні з такім жа мінулагоднім перыядам. Прааналізаваўшы лічбы, можна адзначыць, што шэраг гаспадарак нашага раёна выйшлі на высокія і стабільныя паказчыкі. Так, комплекс па вырошчванню і адкорму буйной рагатай жывёлы СВК “Алекшыцы” па выніках работы за першы квартал заняў 3-е месца ў рэспубліцы. Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы ў гэтай гаспадарцы склала 943 грамы (плюс 15), у СВК імя Варанецкага – 799 (плюс 12), аграфірме “Стары Дворац” – 839 грамаў (плюс 53), РУСП “Масаляны” – 789 грамаў (плюс 20). Знізіліся сярэднясутачныя прывагі ў СВП “АграМір” і СВК “Цецяроўка”.
Кіраўніцтву і спецыялістам гэтых гаспадарак рэкамендавана неадкладна прыняць меры па арганізацыі паўнацэннага кармлення і належнага ўтрымання жывёлы на дарошчванні і адкорме.
Ніна Наддэ