Жывёлаводы РУСП “Масаляны”

Лента новостей

IMG_4306РУСП “Масаляны” – моцная гаспадарка, вядомая сваімі поспехамі не толькі ў раёне. Тут добра развіваецца і земляробства, і жывёлагадоўля, што сведчыць аб тым, што вытворчасць вядзецца па сучасных тэхналогіях, і аб тым, што тут выдатны “чалавечы фактар”. Ніякае самае лепшае абсталяванне не будзе працаваць без клапатлівых увішных чалавечых рук. А што іх тут нямала, можна ўпэўніцца пры кожным наведванні гэтага сельгаспрадпрыемства. Людзі ў РУСП “Масаляны” надзвычай дружныя, сапраўдная адзіная зладжаная каманда. Дзякуючы такой зладжанасці, калектыў упэўнена рухаецца наперад.
Павышаць якасць малака, павялічваць “вал” немагчыма без мэтанакіраванай селекцыйнай работы. Статак у РУСП “Масаляны” выдатны, каровы – сапраўдныя прыгажуні. Кожнае нованароджанае цялятка тут беражліва прымаецца, яму выпойваецца малодзіва для таго, каб была моцная імунная сістэма. Такія цяляты менш хварэюць, а значыць, з іх потым атрымаюцца высокапрадуктыўныя каровы. Ажыццяўляецца пастаянны кантроль за выпайкай малодзіва – бяруцца аналізы крыві ў цялят на імунаглабуліны. Пастаянна ў полі зроку спецыялістаў належныя прывагі жывёлы. За цялушкамі ў гэтай гаспадарцы асаблівы клопат, паўнацэнныя рацыёны для іх разлічваюцца з улікам надзённых патрэб арганізму.
Жывёлаводы 5 разраду Наталля Горбач і Жанэта Навасад працуюць на адноўленым аб’екце “Цэнтр Масаляны”. У апошнія гады ён кардынальна змяніў свой выгляд – ранейшую ферму аднавілі, добраўпарадкавалі. Тут дагле-джаная тэрыторыя. Адразу відаць, што працуюць у РУСП “Масаляны” нераўнадушныя людзі, якія робяць стаўку на дынамічнае развіццё жывёлагадоўлі. Наталля Горбач з мужам пераехалі на Бераставіччыну са Свіслацкага раёна, яны шмат чулі пра тое, што аграрны сектар у нас “на вышыні”. Сям’ю забяспечылі добраўпарадкаваным жыллём, мужа ўзялі механізатарам. У жывёлагадоўлі дагэтуль жанчына не працавала, таму ўспамінае, што прывыкнуць спачатку было ёй вельмі нялёгка. У першы ж дзень даручылі Наталлі даглядаць вялікіх цялушак, так што жанчына атрымала нават стрэс. Яны ж рухавыя, гарэзлівыя. Гледзячы на невысокую зграбненькую фігурку жанчыны, я разумею яе тагачаснае хваляванне. Нават па асацыяцыі сама ўспомніла, як нас, студэнтаў, паслалі на першым курсе “на бульбу”. Вясковыя дзяўчаты не звярталі ўвагі на звычайны статак рахманых кароў у вёсцы, а нашы мінчанкі вельмі палохаліся, нават уцякалі з крыкам, чым вельмі смяшылі не толькі нас, але і мясцовага пажылога пастуха. Паступова стала Наталля прывыкаць да буйной рагатай жывёлы, а дапамаглі ёй выдатныя якасці яе характару – спагадлівасць, старанне, жаданне ўсё рабіць, як мага лепш. У вялікім статку ў цялушак ужо няма ранейшых пяшчотных мянушак, як у вёсцы. Але жанчына ведае кожную са сваіх падапечных, як кажуць, “у твар”, адразу заўважае, калі што не так. Калі трэба, выклікае ветэрынара, каб адразу аказаць дзейсную дапамогу.
Дасягненне тэхналагічных параметраў пры вырошчванні цялушак вельмі важнае. Не сакрэт, што на многіх фермах у гаспадарках краіны да асемянення дапускаецца буйная рагатая жывёла, якая не дабрала яшчэ, напрыклад, патрэбнай вагі, неабходнага росту. Толку з такіх маладзенькіх “маці” не будзе, работа праводзіцца фармальна, для “галачкі”. У РУСП “Масаляны” пра такое і падумаць не могуць, людзі тут “выкладваюцца”, пачынаючы ад спецыялістаў і заканчваючы звычайным даглядчыкам жывёлы. Колькі разоў мне даводзілася бачыць, як чалавек сапраўды ўпрыгожвае месца, стараецца, таму што інакш не можа, бацькі змалку так прывучылі. Нізка пакланіцца хочацца такім людзям, іх праца непрыкметная на першы погляд, але такая важная.
Сярэднясутачныя прывагі цялушак у Наталлі Горбач — 821 грам. Гэта больш, чым у мінулым годзе, што сведчыць пра добрасумленнасць і старанне жывёлавода. З кожным годам расце прафесійнае майстэрства гэтай жанчыны, фота яе можна было ўбачыць на Дошцы гонару сельгаспрадпыемства, яе ставяць у прыклад маладым.
Стаж работы ў жывёлагадоўлі Жанэты Навасад – больш за 10 гадоў. Даглядае яна маладняк, сярэднясутачныя прывагі цялушак дастойныя – 822 грамы. Безумоўна, гэта сведчыць аб тым, што вопытны жывёлавод выконвае сваю нялёгкую работу бездакорна. Пра Жанэту Навасад мне давялося пачуць у гаспадарцы самыя добрыя словы, яна яшчэ і шматдзетная мама. Муж яе працуе санітарам у ветслужбе РУСП “Масаляны”.
У нашых сяльчанак няпросты лёс. Нялёгкая праца, клопат аб сям’і, прысядзібная гаспадарка… У вясковых жанчын няма столькі часу, як у гарадскіх, каб “любіць сябе”, як гэта раяць псіхолагі. Але ў іх ёсць іншае, важнае, каштоўнае. Гэта іх прастата, дабрыня, непрыкметны на першы погляд і моцны спрадвечны вясковы стрыжань, жыццёвая сіла. Яны добрыя гаспадыні і мамы, узорна працуюць і падтрымліваюць цёплы агеньчык дамашняга ачага. На такіх сціплых і адметных жанчынах і трымаецца сённяшняя вёска, пераемнасць пакаленняў.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *